Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вікторыя Азаранка — першая ракетка сьвету


Вікторыя Азаранка
Вікторыя Азаранка

Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка ўпершыню ў кар’еры выйграла турнір «Вялікага шлему» ў аўстралійскім Мэльбурне — першае з чатырох самых значных тэнісных спаборніцтваў году.

Дагэтуль яшчэ нікому зь беларускіх майстроў ракеткі не ўдавалася нават блізка падысьці да запаветнай мары. У фінале 22-гадовая Вікторыя не пакінула ніякіх шанцаў іншай нараджэнцы Беларусі Марыі Шарапавай, якая пасьля пераезду з бацькамі з Гомельшчыны абараняе колеры Расеі. Шарапава, дарэчы, выйгравала «Аўстраліен Оўпэн» у 2008 годзе.

Вікторыя ня вельмі ўпэўнена пачала матч, прайграўшы два геймы запар, аднак хутка настроілася на барацьбу і перавяла хаду сустрэчы пад свой кантроль. Пасьля перамогі ў першым сэце зь лікам 6:3 другі сэт Азаранка выйграла ўсухую — 6:0.

Перамога на «Аўстраліен Оўпэн» аўтаматычна ўзьнесла Вікторыю на верхні радок рэйтынгу тэнісістак-прафэсіяналак, які яна паўнаўладна зойме ад панядзелка. Дагэтуль найлепшым яе дасягненьнем было трэцяе месца. Да такой вяршыні ніводзін беларускі тэнісіст яшчэ не дабіраўся.

Сама Вікторыя Азаранка ў апошніх інтэрвію заяўляла, што адчувае сябе куды больш упэўнена, чым у папярэднія гады, калі хваравіта рэагавала на няўдачы, нэрвавалася і беспадстаўна «псіхавала». Цягам аўстралійскага турніру на корце дзяўчына сапраўды трымалася годна і сканцэнтравана.

За сваю перамогу ў Мэльбурне Вікторыя Азаранка атрымае больш за 2 мільёны даляраў прызавых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG