Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 студзеня ў сьвеце адзначаецца міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту. Старшыня юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Рэспублікі Беларусь Юры Дорн разважае пра становішча габрэяў у Беларусі.

Пра што вам думаецца ў сусьветны дзень памяці ахвяр Галакосту?

Думкі мае трагічныя, і яны зьвязаныя зь вялікай трагедыяй габрэйскага народу. 800 тыс. беларускіх габрэяў, якія загінулі — гэта велізарная лічба, і тыя падзеі ня могуць быць забытыя. Сёньня мы запальвалі сьвечкі ў памяць пра тых, хто былі забітыя толькі за тое, што належалі да габрэйскай нацыі. На Беларусі было больш як 200 гета, дзе зьнішчалася габрэйскае насельніцтва. Мы ўзгадвалі і пра гэтыя месцы, і пра тыя, якія яшчэ не ўвекавечаныя, якія мы працягваем шукаць. І, вядома, трагедыя Галакосту неадрыўна зьвязана з трагедыяй усяго беларускага народу.

На вашу думку, ці належным чынам у Беларусі ўшанаваныя ахвяры Галакосту?

Гадоў 5 таму мясцовыя ўлады да трагедыі Галакосту ставіліся дастаткова пасіўна. Клопат пра месцы пахаваньня загінулых габрэяў у асноўным ляжаў на габрэйскіх абшчынах і тых выхадцах з гэтых мясьцінаў, якія цяпер жывуць за мяжой. Але некаторы час таму сытуацыя стала мяняцца ў лепшы бок, бо на ўзроўні райвыканкамаў і сельсаветаў пачалі выдзяляць няхай нязначныя, але сродкі для падтрыманьня тэхнічнага стану помнікаў, асабліва мы заўважылі гэта ў 70-ю гадавіну пачатку Вялікай айчынай вайны, калі масава была прыведзеная ў парадак вялікая колькасьць помнікаў Галакосту.

І габрэйская абшчына таксама працягвае клапаціцца пра гэтыя месцы. Ёсьць нават адмысловая камісія па ўвекавечаньні памяці ахвяраў Галакосту, куды ўваходзяць прадстаўнікі васьмі найбольш буйных габрэйскіх арганізацыяў, я зьяўляюся яе сустаршынём, і за апошнія гады нам удалося знайсьці амаль 80 новых пахаваньняў габрэяў, якія былі забітыя ў часе другой сусьветнай вайны. У 47 месцах ужо стаяць помнікі, сёлета мы разьлічваем паставіць яшчэ 12. Улада ідзе насустрач, ня ставіць перашкод на нашым шляху. Мы заўсёды праводзім адкрыцьцё такіх помнікаў сумесна зь мясцовымі ўладамі і, што вельмі важна, на гэтыя імпрэзы прыходзяць мясцовыя жыхары, школьнікі — гэта такое народнае адкрыцьцё.

А ці існуе, на вашу думку, у сёньняшняй Беларусі антысэмітызм? І калі так, то якія яго праявы?

Дзяржаўны антысэмітызм у Беларусі, на маю думку, адсутнічае. Прынамсі, у нас няма дадзеных, якія б казалі пра адваротнае. На ўзроўні чыноўнікаў мы не адчуваем нейкіх спроб прыніжэньня ці абразы габрэяў. Сустракаюцца асобныя праявы на пабытовым узроўні, як і ў іншых краінах, але ў цэлым сытуацыя дастаткова спрыяльная ў дачыненьні да габрэяў, як, я спадзяюся, і да іншых нацыяў.

Мы заўважаем, што ўзровень вандалізму на габрэйскіх могілках зьніжаецца. Летась у нас было зарэгістравана 2 вялікіх выпадкі, зь якіх адзін — у Рэчыцы — быў раскрыты па гарачых сьлядах, былі знойдзеныя зачыншчыкі разгрому, іх судзілі. Гэта не гаворыць аб тым, што ў Беларусі існуе антысэмітызм, а толькі пра асобныя эксцэсы. Мы ў такіх выпадках заўсёды працуем зь дзяржаўнымі праваахоўнымі ворганамі, больш за тое, у некаторых выпадках яны самі нас інфармуюць пра нейкія выпадкі. Апошні выпадак зьвязаны з выкраданьнем мэталічных шыльдаў на былой габрэйскай сынагозе ў Любані, калі ўлады пазванілі самі і паведамілі, што па гарачых сьлядах удалося двух злачынцаў затрымаць, і шыльды вернутыя на месца. Бываюць і адваротныя выпадкі, калі пошук злачынцаў не прыносіць вынікаў, ну, але гэта жыцьцё.



Якія асноўныя навіны ў габрэйскай грамады Беларусі?

Па-першае, сёньня ўсплёск цікаўнасьці да вывучэньня іўрыту. Сёньня практычна ўсе атэставаныя настаўнікі іўрыту маюць поўную загрузку, у гэтых клясах займаецца каля 100 чалавек, толькі ў Менску ў нас каля 8 такіх груп. Ёсьць яны і ў меншых гарадах. Уражаньне, што ідзе адраджэньне самасьвядомасьці, няхай на аснове мовы, але гэтая тэндэнцыя пайшла.

Шмат пачало прыходзіць у сынагогі людзей сярэдняга веку, бо да апошняга часу хадзілі пэнсіянэры альбо студэнты. Прыходзіць шмат людзей бізнэсу, што таксама радуе. Бо ў Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі ці Ўкраіны, няма алігархічнага слоя габрэяў, таму прыход гэтых людзей, якія ня толькі вучаць Тору, але і фінансава падтрымліваюць шэраг адукацыйных праграм, толькі радуе.

У абшчыне сёньня зьявілася тэндэнцыя да таго, што маладое пакаленьня пачало больш прывязвацца да каранёў. Мы адзначаем памяншэньне колькасьці зьмяшаных шлюбаў у габрэйскай абшчыне. Большая колькасьць шлюбаў заключаецца ў традыцыйных формах: у прысутнасьці рабіна, з выкананьнем юдэйскіх традыцыяў. І ёсьць тэндэнцыя да таго, што хваля, якая некалі была зьвязаная з ад’ездам зь Беларусі габрэяў, стабілізавалася, і ўжо некалькі гадоў колькасьць габрэяў, якія пакідаюць Беларусь, не перавышае 300 чалавек на год. І гэта кажа пра тое, што людзі сябе тут знайшлі, што яны зьвязваюць сваю будучыню з гэта краінай.

Хаця статыстыка кажа, што габрэйская абшчына зьменшылася ўдвая. Але гэта афіцыйная статыстыка, статыстыка абшчыны адрозьніваецца. Паводле розных ацэнак, у абшчыне каля 30-36 тысяч габрэяў. Сёньня ў нашых сьпісах толькі каля 15 тыс. старых людзей, якім мы аказваем дабрачынную дапамогу. Калі сюды дадаць моладзь — мы выйдзем на лічбу 30-35. Гэта ня толькі стопрацэнтныя габрэі, гэта і дзеці ад зьмяшаных шлюбаў, унукі, але і гэтыя людзі ўваходзяць у сфэру працы габрэйскай абшчыны Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG