Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга Уладзімера Арлова «Імёны Свабоды» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла ў сьвет у 2007 годзе. Цяпер зьявіўся яе гукавы варыянт — аўдыёкніга ў выкананьні аўтара. Кніга дапоўненыя новымі разьдзеламі, якія мы зьмяшчаем на нашым сайце.

17.12.1941, Слуцак — 10.8.2010, Менск

Пахаваны на менскіх Паўночных могілках


Неяк на пачатку 1980-х, прыехаўшы на студэнцкія вакацыі ў наш зь ім родны Полацак, юны паэт і сябра знакамітай “Майстроўні” Сяргей Сокалаў (яшчэ ня Воюш) прывёз мне толькі што выдадзеную кніжку пад назовам, ад якога адразу дыхнула нечым сьвежым і прытульным — "Ня плач, душа мая". "Пачытай! — сказаў Сяргей. — Калі гэта сацрэалізм, дык я — Байран".

Аповесьць, на якую мне хапіла вечара з акрайцам ночы, падаравала глыток вольнага паветра. Галоўны герой Анцюха быў пэрсанажам безумоўна станоўчым, але відавочна не савецкім. Ягоны вандроўны, "цыганскі" лад жыцьця, нязводны гумар, авантурнасьць нагадвалі асобаў, што дзейнічалі на старонках твораў Марка Твэна і О.Генры. Імя аўтара кнігі таксама спадабалася й надзейна легла ў памяць — Вячаслаў Дубінка. Я вырашыў, што пры нагодзе трэба абавязкова пазнаёміцца.

Нагода ўзьнікла, калі я пераехаў у Менск. Пасьля выступу на векапомных Дзядах 1988 году ў мяне ўзьніклі непаразуменьні зь міліцыяй, тым больш што ў сталіцы, як было запісана ў пратаколе, я і насамрэч пражываў непрапісаным. Пакуль Сьвятлана Алексіевіч спрабавала прапісаць сумнеўнага элемэнта на сваіх мэтрах, я — каб ня быць прымусова вернутым на месца прапіскі — па чарзе жыў у сяброў. Акурат тады і адбылося нашае знаёмства зь Вячаславам Дубінкам, які сам прапанаваў, колькі спатрэбіцца, жыць у яго ў майстэрні.

Пра тыя тры месяцы побач з чалавекам, што так нагадваў свайго героя Анцюху, можна напісаць яшчэ адну аповесьць.

Чаго вартая хаця б гісторыя, як мы прытулілі армяніна зь Ленінакану, разбуранага тады жудасным землятрусам, у якім загінула сям’я нашага гаротнага госьця, спачатку прынятага намі за прайдзісьвета і злодзея, у выніку чаго я спаў зь сякераю пад падушкай. Альбо сюжэты, зьвязаныя зь іншай вядомай авантурнаю натурай — пісьменьнікам і стваральнікам славутых "Дудутак" Яўгенам Будзінасам...

Але найцікавейшымі былі вечары, калі гаспадар майго часовага, аднак надзвычай гасьціннага прытулку апавядаў пра ўласнае жыцьцё.

Народжанаму ў вальналюбным Слуцку хлапчуку зь юных гадоў праглася рассунуць межы ўласнага сьвету як мага шырэй. У сёмай клясе ён абтрос у суседа яблыню, атрымаў на сокавыціскальным заводзіку чырвонец, купіў білет на цягнік, дакуль хапіла грошай, а далей на даху вагона даехаў да Адэсы — каб убачыць мора, пераначаваць на беразе і гэткім самым чынам ірвануць назад — насустрач матуліным кухталям.

Пазьней ён аб’едзе ўвесь Савецкі Саюз, дабраўшыся да Магадану і Бэрынгавых астравоў, а як толькі станецца магчымым — пачне адкрываць іншыя краіны і асабліва палюбіць Грэцыю. Там, лічыў Вячаслаў, прайшло адно з ранейшых ягоных жыцьцяў.

Аднак назаўсёды галоўнай любоўю ў бясконцых падарожжах застанецца Беларусь. Гэта найлепш пацьвярджае безьліч цудоўных здымкаў, зробленых Дубінкам у тыя гады, калі ён працаваў фотакарэспандэнтам у "Звязьдзе" і "Чырвонай зьмене", а потым — фатографам у Рэспубліканскіх рэстаўрацыйных майстэрнях Міністэрства культуры. Там лёс зьвёў яго з археолягам Алегам Трусавым і архітэктарам Валерам Сьлюнчанкам, аўтарам праектаў аднаўленьня Сафійскага сабору, Каложы ды іншых знакавых помнікаў нашай культуры, якія Дубінка разам з калегамі абмацваў і фатаграфаваў мэтар за мэтрам. Відаць, усяго нейкая адна 100-тысячная частка наздыманага ўвайшла ў ягоныя альбомы "Нясьвіж", "Берасьце", "Бабруйск", "Магілў". Пакуль што нявыдадзеным застаецца вялікі альбом, прысьвечаны беларускім хрысьціянскім сьвятыням.

Безь Вячаслава нельга ўявіць ніводнай дэмакратычнай акцыі, пачынаючы зь першых Дзядоў і Чарнобыльскага шляху. З сваім фотаапаратам ён прымудраўся адначасова быць у розных кропках: здымаў вадамёты і захінаў ад спэцназаўцаў безабароннае дзяўчо, спрачаўся зь міліцэйскім палкоўнікам і пасьпяваў выхапіць фатавокам сьветлы твар хлопчыка зь бел-чырвона-белым сьцяжком.

Добры знаёмец Зянона Пазьняка й Яўгена Куліка, колішні заўсёднік сустрэчаў у нонканфармісцкім інтэлігенцкім асяродку "На Паддашку", Вячаслаў Дубінка быў і застанецца ўнікальным для Беларусі творцам, надзеленым самымі рознымі талентамі і магутным жыцьцёвым аптымізмам. За тое, каб выдаць Дубінку пасьведчаньне сябра сваёй арганізацыі, галасавалі прыёмныя камісіі чатырох творчых саюзаў — журналістаў, пісьменьнікаў, мастакоў і народных майстроў. У пяты — Саюз фотамастакоў — ён не ўступіў адно таму, што ніяк ня мог сабрацца занесьці заяву з патрэбнымі паперамі.

Ягоныя публіцыстычныя артыкулы і вандроўныя нарысы, што часам прыводзяць на памяць творы славутага паляка Рышарда Капусьціньскага, пазнаваліся зь некалькіх словаў. Ягоныя прасякнутыя незьнішчальнай іроніяй і адметныя сакавітай слуцкай гаворкаю кнігі "Браты сьвятой ночы" і "Сындыкат Мані Дулі", як і "Ня плач, душа мая", маглі б стаць літаратурным грунтам для авантурных кінасэрыялаў.

Але найбольшую славу прынесла Дубінку старадаўняе беларускае мастацтва выцінанкі. Менавіта ён вярнуў выцінанку зь нябыту і стварыў цэлую сучасную школу. Ягоныя творы выклікалі захапленьне ў Беларусі і за мяжой. У мяне на памяці посьпех нядаўніх выставаў у Нацыянальным мастацкім музэі, у некалькіх гарадах Польшчы, музэйным комплексе ў Дудутках. Экспазыцыя ягоных выцінанак у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча сталася першай пасьмяротнай. Сябры, якім дагэтуль цяжка паверыць у страту, назвалі яе словамі, якія мог бы прамовіць сам Вячаслаў, — "Я проста ў далёкай вандроўцы...".

Выцінанкамі Вячаслава Дубінкі ілюстраваныя многія выданьні вядомых беларускіх пісьменьнікаў. Шмат хто з нашых дзетак мае непаўторна аздобленую майстрам кніжку Артура Вольскага "Жывыя літары".

Ажылі й самі творы мастака. Натхняючыся імі, рэжысэр-мультыплікатар Міхась Тумеля здымае цяпер цэлы цыкль фільмаў. Адзін зь Міхасёвых мульцікаў — пра зухаватага зайца, што дапамог хлопцу знайсьці нявесту (там у кадры зьяўляецца і сам геній выцінанкі), ужо здабыў прэмію за лепшае выяўленчае выкананьне на міжнародным фэстывалі "Анімаёўка-2010".

Улюбёнымі справамі Дубінка мог займацца дзе заўгодна. Падчас падарожжаў міліцыя колькі разоў затрымлівала "ненармальнага" з нажніцамі і паперай на вакзалах і ў аэрапортах. А пісаць, ізноў прыцягваючы ўвагу пільных ахоўнікаў парадку, ён найбольш любіў — уявіце сабе! — на менскім паштамце.

Вячаслаў мысьліў у агульнанацыянальных катэгорыях, але на жыцьцё заўсёды ўмеў глядзець і зьдзіўленымі вачыма дзіцяці. У апошнім інтэрвію ён сказаў, што жыве, кожны дзень чакаючы дзіва.

Я ўпэўнены, што 19 сьнежня 2010 году ён у чаканьні каляднага дзіва таксама прыйшоў бы на Плошчу.

Ягонае сэрца спынілася ў жудасную сьпякоту 2010-га — на паўдарозе, на паўслове, на паўсправе. Рыхтаваў да друку дзьве кнігі прозы і альбом выцінанак. Марыў пра выставу ў Швэцыі. Шукаў новыя дакумэнты пра "другое слуцкае паўстаньне", што выбухнула ў 1967-м супраць няправеднага савецкага суду. Дапамагаў Нілу Гілевічу ў выпуску чарговага тома надзейна замарожанага "Мастацкай літаратурай" збору твораў. Напярэдадні здаў у турфірму дакумэнты на паездку ў Грэцыю...

Побач з урнаю, дзе зьмясьцілася тое, што было целам Славы, жонка Тацяна паклала на пахаваньні ягоныя акуляры й асадку з сталёвым пяром — якраз такімі ён любіў пісаць.

Заходзячы на паштамт, я дагэтуль чакаю дзіва: а раптам у чалавечым тлуме сустрэну ўважлівы цёплы позірк ягоных неверагодна жывых вачэй?..

Імёны Свабоды: Кастусь Акула

Калі вы хочаце атрымаць дыск, прышліце заяўку з паштовым адрасам на svaboda@rferl.org
XS
SM
MD
LG