Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высякаюць «Панскі лес» — людзі пратэстуюць


Жыхары вёскі Горкі, што ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўшчыны, бароняць ад высечкі парк, пасаджаны ў 19 стагодзьдзі князям Абаленскім.

Вяскоўцы сьцьвярджаюць, што ў парку растуць каліфарнійскія сосны і іх трэба берагчы, а не зьнішчаць. Паводле тутэйшых жыхароў, улюблёнае месца адпачынку зьбіраюцца аддаць пад забудову лецішчаў.

Пра тое, што парк пачалі высякаць, паведаміў «Свабодзе» жыхар Чэрыкава, які назваўся Мікалаем. Паводле яго, вялізныя сосны пілуюць і вывозяць няведама куды. Супраць гэтага паўсталі жыхары вёскі Горкі.

«Калі людзі сабраліся, то прыехаў прадстаўнік Магілёўскага лясгасу і нашага Чэрыкаўскага лясгасу. Яны сказалі, што будзе поўная высечка гэтага лесу і будзе замест парка князя лысая гара. А ў далейшым гэта будзе прадавацца расейцам на дачы. Сёлета высекуць пяцьдзесят працэнтаў, а налета яшчэ пяцьдзесят працэнтаў, маўляў, дрэвы перасьпелыя», зазначыў спадар Мікалаў.

Жыхары вёскі Горкі пацьвердзілі, што парк сапраўды пачалі высякаць і што яны супраць:

«Мы ўжо сабралі блізу сотні подпісаў і ў райцэнтры яшчэ падпісныя лісты
Нам кажуць, што высякаецца хворы лес...

„гуляюць“. Праводзілі ў нас сустрэчу. Тлумачылі, што ўсё паводле пляну, маўляў, гэта звычайная лесагападарчая дзейнасьць. Нам кажуць, што высякаецца хворы лес, але насамрэч высякаюцца толькі абсалютна здаровыя сосны», абураецца жыхар Горак Аляксандар.

Арганізоўваў сход зь вясковай грамадзкасьцю Сормаўскі сельскі савет. Як людзі успрынялі навіну пра высечку парка — пытаю ў супрацоўніцы сельсавета:

«Чалавекі чатыры дужа моцна абураліся. Можа ў іх якія падставы для гэтага ёсьць. Некаторыя абыякавыя былі, ну трэба дык трэба. А некаторыя казалі, што даўно трэба было высекчы, сапраўды стары лес. Пытаньне цяпер гэтае на вывучэньні знаходзіцца».

У лясгасе тэлефанаваньне журналіста ўспрынялі нэрвова. Заявілі, што іх ледзьве ня штодня даймаюць званкамі людзі.

«Ніякага парка ў Горках няма. Там лес. Сасьне тамтэйшай 140 гадоў. Можа, праз
Ніякага парка ў Горках няма. Там лес ...

дзесяць, пятнаццаць гадоў яна пачне валіцца наагул. Там ёсьць чульлівыя старыя, якія паўсюль тэлефануюць і сварацца. Нас, як кажуць, зьневажаюць...», заявіла супрацоўніца лясгасу.

Галоўны лясьнічы раёну патлумачыў:

«Лес гэты сам па сабе вырас. Звычайная наша сасна. Гэта спакон вякоў называецца „Панскім лесам“, таму так усё й пайшло. Гэты лес высякаецца ня скрозь, але для аднаўленьня гэтага лесу. »

Карэспандэнт: «То бок дач там ня будзе?».

Лясьнічы: «Не, ня будзе. Там будзе лясны фонд».

Такім запэўніваньням вяскоўцы ня вераць. Кажуць, што ўсё роўна падмануць. Паводле іх, пытаньне вывучае Мсьціслаўская міжраённая інспэкцыя аховы расьліннага й жывёльнага сьвету. Туды прастэтоўцы з Горак зьвярнуліся са скаргай.

Лесапарк у Горках заклаў князь Аляксей Абаленскі, памесьце якога знаходзілася непадалёк. У князя дужа хварэлі дзеці — яму й параілі засеяць парк адмысловымі пародамі дрэў. Пра гэта казала вяскоўцам дачка князя Зоя Абаленская, якая наведала родныя мясьціны ўлетку 2002 гаду:

«Яна казала, што гэты від сасны, саджанцы, з Амэрыкі прывозілі. Яна як пабачыла, што гэтыя сосны пашкрабаныя, што іх на смалякі сякуць, то наказвала: „Беражыце сосны“. Цяпер гэта лес крыху занядбаны. Сюды з усяе вобласьці народ зьяжджаецца».

Памесьце Абаленскіх у 1918 годзе разрабавалі. Маёнтак узарвалі ў 1920 гадах. Нагроб’е Аляксея Абаленскага застаецца панявечаным дагэтуль. За свае грошы яго падправіла Зоя Абаленская, якая неўзабаве памерла на чужыне, пражыўшы больш за дзевяноста гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG