Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі сэйм вылучыў Бяляцкага на Нобэля


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

27 студзеня ў Варшаве адбылася прэзэнтацыя афіцыйнай заявы дэпутатаў польскага Сэйму ў справе вылучэньня на Нобэлеўскую прэмію міру беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Сабраныя подпісы прадставіў дэпутат Анджэй Галіцкі з кіруючай партыі «Грамадзянская плятформа», які адначасова зьяўляецца віцэ-сьпікерам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ён адзначыў, што вылучэньне Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру — гэта знак салідарнасьці зь ім ня толькі Польшчы, але і ўсёй Эўропы, паколькі пад заявай стаяць подпісы парлямэнтароў з 27 краін, што ўваходзяць у Раду Эўропы.

Спадар Галіцкі таксама падкрэсьліў, што цяпер нідзе ў Эўропе няма такой дрэннай сытуацыі як у Беларусі, дзе за кратамі знаходзяцца палітычныя вязьні, а людзей прысуджаюць на сьмяротнае пакараньне пры сумнеўных судовых працэсах.

«У Эўропе няма месца для ГУЛАГу. Доўг кожнага дэмакрата і эўрапейца змагацца супраць таго, што адбываецца цяпер у Беларусі, не заставацца абыякавым, калі мы маем ГУЛАГ у Эўропе», – сказаў Галіцкі.

Анджэй Галіцкі і Томаш Пісуля праглядаюць подпісы за вылучэньне Бяляцкага на Нобэля

Анджэй Галіцкі і Томаш Пісуля праглядаюць подпісы за вылучэньне Бяляцкага на Нобэля



Томаш Пісуля, кіраўнік фундацыі «Свабода і дэмакратыя», якая зьяўляецца аўтарам ідэі вылучэньня беларускага праваабаронцы дэпутатамі, зьвярнуўся непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі, па-расейску:

«Лукашэнка, мы ўсе ведаем, што ты ўжо прайграў. Вызвалі ўсіх палітвязьняў, пакуль яшчэ маеш час!»

На адмысловую прэсавую канфэрэнцыю ў Сэйм была запрошаная і вядомая журналістка Натальля Радзіна, якая ад імя беларусаў дзякавала палякам за падтрымку:

«Мы павінны ратаваць палітвязьняў: Статкевіча, Бяляцкага, Саньнікава ды іншых, хто цяпер за кратамі. Іх катуюць у турмах і іхнае жыцьцё у небясьпецы».

Томаш Пісуля, Натальля Радзіна і Анджэй Галіцкі

Томаш Пісуля, Натальля Радзіна і Анджэй Галіцкі



Завяршаючы прэзэнтацыю, Анджэй Галіцкі заявіў:

«Той, хто кінуў за краты сваіх палітычных праціўнікаў, бо хацеў выйграць выбары, насамрэч іх ня выйграў. Ён ня можа звацца прэзыдэнтам, бо выбраў іншую ролю – тырана і дэспата, і так яго трэба называць».
XS
SM
MD
LG