Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Бяляцкага: «Што да Нобэля, мы пра гэта не гаварылі...»

абноўлена

Натальля Пінчук
Натальля Пінчук

Пакуль невядома, куды накіруюць Алеся Бяляцкага для адбыцьця пакараньня.

Пра гэта паведаміла Натальля Пінчук, якая спаткалася сёньня ў жодзінскай турме са зьняволеным мужам.

«Калі ў турму паступіць інфармацыя пра тое, што прысуд застаўся ў сіле, адпаведна, яго могуць накіраваць у іншае месца».

Спатканьне цягнулася каля гадзіны. Размова адбывалася праз закратаванае шкло, у прысутнасьці прадстаўніка турмы.

«У асноўным расказвала навіны, пра сям’ю, пра сына. Пра сябе ён шмат распавесьці ня мог, бо абмежаваны рознымі забаронамі накшталт таго, што нельга абмяркоўваць умовы ўтрыманьня і так далей. Выглядае нармальна, стан здароўя здавальняючы. Эмацыйны момант такі быў. Я рада, што спаткалася».

Натальля сказала, што зьбіраецца абскарджваць незаконны арышт маёмасьці.

«Яго турбуе тое, што ён сьпяшаецца ўсім адказаць на лісты. Шмат каму трэба напісаць, а часу ў яго застаецца мала. Бо ў любы дзень яго могуць накіраваць для адбыцьця пакараньня».

Карэспандэнт: «Натальля, а да яго даходзяць весткі з волі, што на Нобэлеўскую прэмію яго вылучаюць, і падтрымка з усіх краінаў ідзе?»

«Што да Нобэля, мы пра гэта не гаварылі, таму, мабыць, ня ведае ён. Гэта тэма ў нас не ўзьнікала. А тое, што яму пішуць — так, пішуць вельмі шмат. Ён кажа, што ў яго, на жаль, мала часу застаецца, таму што ня ведае, калі яго адправяць ў іншую турму адбываць пакараньне, таму ён зараз будзе сьпяшацца ўсім адпісаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG