Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Складаньнем трох адміністрацыйных пратаколаў скончылася для 25-гадовага жыхара Гомеля Анатоля Рыпіча ўборка сьнегу ля свайго дому на вуліцы Барыса Царыкава. Яго абвінавацілі ў забруджваньні аўтамабільнай дарогі, непадпарадкаваньні міліцыі й дробным хуліганцтве.

Як апавялі журналістам сам пацярпелы і ягоная маці, пасьля моцных сьнегападаў сям’я прыбірала сьнег з ходнікаў. Анатоль кідаў яго на сьнежны вал паміж пешаходнай і праезнай часткай. Камякі сьнегу каціліся й на засьнежаны вулічны асфальт. І тут зьявілася машына ДАІ. Праз узмацняльнік гуку капітан Пінчук запатрабаваў: «Не кідайце на дарогу сьнег, хопіць чысьціць». І папярэдзіў пра адміністрацыйную адказнасьць за забруджваньне вуліцы.

Анатоль, дарэчы, ваенны пэнсіянэр, таксама на падвышаным тоне адказаў: «А ты выйдзі і паглядзі, куда я кідаю».

Капітан выйшаў і нібыта заявіў, што яму тут няма з кім размаўляць. Рыпічы абурыліся: «А мы што, ня людзі?»

Кіраўніцтва ДАІ падае, што інспэктары выяўлялі ў горадзе сьнежныя заносы, а Анатоль дабаўляў на вуліцу сьнегу. Апрача таго, нібыта нецэнзурна лаяўся, паводзіў сябе з выклікам «і не хацеў ехаць у міліцэйскі пастарунак».

На даклад капітана праз радыёстанцыю на вуліцу Барыса Царыкава прыехаў старшы інспэктар дарожна-патрульнай службы ДАІ. Аднак прыбіральшчык сьнегу ніяк не пагаджаўся сесьці ў аўтамашыну, каб ехаць у пастарунак. І нібыта нават «адштурхоўваў супрацоўнікаў міліцыі, хапаў іх за форменную вопратку».

Даішнікі выклікалі падмогу. Агулам ля прыватнага дома сабралася каля дзесятка міліцыянтаў. Анатоля білі па нагах, заламалі рукі, надзелі кайданкі і гвалтам запіхнулі ў машыну.

Жонка Анатоля Яўгенія, настаўніца ангельскай мовы, ад убачанага страціла прытомнасьць. Яе дапамаглі занесьці ў дом мінакі.

Бойку міліцыянтаў з прыбіральшчыкам сьнегу зьнялі на відэа праз мабільны тэлефон жыхары суседняй шматпавярхоўкі й выклалі ў сацыяльную сетку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG