Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Дубянецкая: Паэзія Сяргея Сыса сапраўды сутнасная і экзыстэнцыйная


Сяргей Сыс

Сяргей Сыс

26 студзеня ў кнігарні «Логвінаў» адбылася прэзэнтацыя кнігі вершаў Сяргея Сыса «Стрэмка». Выхад першай кнігі паэта прымеркаваны да яго 50-годзьдзя. Такім чынам, у Сяргея Сыса сёньня падвойнае сьвята.

Жонка Сяргея Сыса паэтка Галіна Дубянецкая вынайшла, што 26-е чысло — паэтычнае, багата вядомых літаратараў нарадзілася менавіта 26-га: 26 студзеня нарадзіўся Сяргей Сыс, 26 кастрычніка нарадзіўся Анатоль Сыс, 26 лістапада — Уладзімер Караткевіч, 26 жніўня нарадзілася Тацяна Сапач.

У дзень свайго 50-годзьдзя Сяргей прэзэнтуе свой першы паэтычны зборнік «Стрэмка». Сябар і зямляк паэта Эдуард Акулін кажа:

«Сержуку Сысу спатрэбілася 50 гадоў, каб дачакацца свайго першага паэтычнага зборніка. Затое якая кніжка атрымалася! Гэта сапраўдная стрэмка ў сэрцы кожнага аматара беларускай паэзіі».

Выступае Эдуард Акулін

Выступае Эдуард Акулін



Доктар філязофіі і доктар тэалёгіі, а таксама швагерка Ірына Дубянецкая вельмі ўсьцешаная выхадам кнігі: і радая за сваяка:

«Я вельмі-вельмі цешуся за тое, што кніга выйшла. Сапраўды, хтосьці ў падлеткавым узросьце выдае першую кнігу, хтосьці ў 26 памірае, пакінуўшы неўміручае паэтычнае імя, хтосьці выдае кнігі позна. Лепш менш, ды лепш. Лепш сапраўды, каб гэта ўся энэргія маладосьці неяк дыстылявалася, адстаялася і патрапіла да чытача ў як мага больш дасканалым выглядзе».

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч павіншаваў свайго даўняга сябра, падараваў раскошны букет, і суцешыў:

«Сёньня Сяржук можа сказаць усьлед за Максімам, што ён не самотны, што ён нарэшце мае кнігу. Хаця гэта кніга магла выйсьці і 10 гадоў таму, і 20, а можа і 30 — якраз столькі гадоў я ведаю Сяргея. Я памятаю ягоныя вершы, якія чыталіся даўно-даўно, можа быць, у тыя гады, калі нашым многім пісьменьнікам-шасьцідзясятнікам было столькі, колькі нам зараз, калі яны спраўлялі свае юбілеі — я маю на ўвазе і Стральцова, і Сіпакова, і Адамчыка, і Сачанку, і Бураўкіна. І мы тады думалі: якія старыя людзі, а зараз самі дажылі і бачым, што гэта абсалютна ня страшна. І што жыцьцё толькі пачынаецца».

Кветкі ад Барыса Пятровіча.

Кветкі ад Барыса Пятровіча.



Сябар і зямляк юбіляра Эдуард Акулін заўважыў, што рэчыцкая зямля, дзе нарадзіўся Сяргей Сыс, вельмі шчодрая на таленты:

«Нарадзіўся на такой зямлі, якую можна назваць песеннай, паэтычный, таму што на кожны квадратны кілямэтар гэтай зямлі нарадзілася па аднаму сапраўднаму паэту. Паміж Холмічам і Заспай амаль што адначасна — ну разьбежка там у 10 гадоў — нарадзіліся такія паэты, як Віктар Ярац, як Анатоль Сыс, як Віктар Стрыжак і Сяржук Сыс. Я думаю, што гэта такая рэчыцкая паэтычная анамалія, і яна не выпадковая, таму што менавіта з таго месца паходзяць самыя старажытныя беларусы, як гаварыў у сваім інтэрвію Анатоль Сыс».

Першая кніга паэта мае назву «Стрэмка». Ірына Дубянецкая кажа, што паэзія Сыса сапраўды сутнасная і экзыстэнцыйная:

«Я спрачалася за гэту назву. Я падумала, што яна абсалютна не ласкавая да чытача, Вось хто з вас хоча купіць сабе стрэмку? Прадаю стрэмкі, купіце стрэмку! Зрабіце сабе балюча…»

Голас з залі: «Ну, можа, не сабе, а камусьці…»

«Вось, хіба што! Я зразумела гэтую назву, прачытаўшы гэтую кнігу ўздоўж і ўпоперак, Сяргеева паэзія — яна сутнасная і экзыстэнцыйная. Яна ўся пра чалавека, які, мінаючы стадыю вось гэтай інтэлектуальнай развагі, наўпрост ідзе ў асвойваньне жыцьця. Інструмэнт, якім ён асвойвае жыцьцё — гэта пачуцьці, гэта эмоцыі. Калі ён спрабуе прааналізаваць свае эмоцыі, то ў яго вылазяць боль, сум, смутак, ну і адпаведна, назва — „Стрэмка“. Тое, што, хутчэй, баліць, тое, што ня самае „кайфовае“».

Мастак Алесь Пушкін адмыслова для вокладкі першай кнігі Сяргея Сыса напісаў карціну.

Прамаўляе Алесь Пушкін

Прамаўляе Алесь Пушкін



Ягонае віншаваньне было жартаўлівае — у стылі Пушкіна:

«У нас ёсьць вялікі паэт Анатоль Сыс. Сяргей Сыс таксама адбыўся як паэт, ён мае кніжку. Я баюся толькі аднаго: каб у нас вучні ў школах зь цягам часу ня зблыталі — яны двоечнікі і так — яны заблытаюцца з Сысамі. Калі ён выдасьць яшчэ 5, 7, 8 кніжак , школьнікі не зразумеюць, заблытаюцца, які гэта Сыс. Таму мне хацелася б проста параіць Сяргею на першай кніжцы спыніцца і стаць вядомым праваабаронцам альбо брынчаць на гітары. Адным словам, завязаць з паэзіяй прынцыпова. Каб не было ў будучых пакаленьняў школьнікаў блытаніны ў галаве».

Голас з залі: «Пушкін, не бядуй! У Расеі трое Талстых. Двух Сысоў вытрымаем!»



На вечарыне выступілі барды Эдуард Акулін і Зьміцер Бартосік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG