Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцы папярэджваюць дэмакратаў і дэспатаў


Малітва пратэстоўцаў на плошчы Тахрыр у эгіпецкім Каіры 25 студзеня

Малітва пратэстоўцаў на плошчы Тахрыр у эгіпецкім Каіры 25 студзеня

Гэтым артыкулам свайго карэспандэнта Джэка Эвінга з Давосу адкрывае сёньняшні нумар International Herald Tribune.

Пратэстоўцы запаўняюць плошчы ў Маскве і Каіры з патрабаваньнем права выбіраць сабе ўладу. Незадаволены гоман на плошчах Мадрыду ці Нью-Ёрку, ці нават Афінаў – якія далі сьвету само слова дэмакратыя – нясе такі ж пагрозьлівы характар. З гэтага вынікае адно пастаяннае пасланьне, што кіраўнікі краінаў ва ўсім сьвеце няздольныя выканаць спадзяваньні сваіх грамадзянаў і што Facebook ці Twitter даюць масам імгненную магчымасьць сабрацца, каб даць зразумець гэта тым, наверсе. Гэта ня надта прыемная карцінка для кіраўнікоў больш як 40 дзяржаваў, што сабраліся цяпер у Давосе на Сусьветны эканамічны форум – ні для выбранай дэмакратычным шляхам Ангелы Мэркель, ні для прадстаўніка аўтарытарнага рэжыму Этыёпіі Мелеса Зэнаві.

Вопыт апошніх некалькіх гадоў , калі прыйшлі фінансавы крызыс і арабская вясна, на думку прэзыдэнта Eurasia Group Яна Брэмэра, паказвае, што “крохкія” дзяржавы з абмежаваным палітычным і эканамічным капіталам асабліва адчуваюць спалучэньне такіх фактараў як эканамічны спад і камунікацыйная рэвалюцыя. Брэмэр быў мадэратарам адной з сэкцый у Давосе . Паводле гэтага аналітыка, “крохкія” дзяржавы могуць мець розны характар – як дэмакратычны, так і аўтарытарны.

З пункту погляду чалавечага прагрэсу карціна няясная, піша аўтар IHT. Калі абапірацца на статыстыку Freedom House, то летась усяго ў 12 краінах узровень дэмакратыі павысіўся, у 26 узровень свабоды ўпаў. Тым ня менш віцэ-прэзыдэнт Freedom House Арч Падынгтан лічыць мінулы год добрым для дэмакратыі, таму што арабская вясна перамагла ў Эгіпце, Тунісе і іншых краінах. Паводле Падынгтана , арабская вясна заклала пачатак трансфармацыі ў нечым падобнай да 1989 і 1991 гадоў, калі разваліўся Савецкі Саюз.

Але ніхто ня можа з упэўненасьцю прадказаць, якога роду грамадзтвы паўстануць у выніку ўзрушэньняў. Перавага амэрыканскай і эўрапейскіх дэмакратый ужо не зьяўляецца такой відавочнай, як дзесяць гадоў таму. Людзі выглядаюць стомленымі і расчараванымі незалежна ад таго, дзе яны жывуць. Нават слупы “істэблішмэнту” выглядаюць ўзрушанымі. Так, Кляўс Шваб, выканаўчы старшыня Давоскага форуму, днямі заявіў, што “капіталізм у яго цяперашняй форме ўжо не адпавядае сьвету вакол нас”.

У многіх частках сьвету ўзаемасувязь паміж дэмакратыяй і эканамічным ростам больш не здаецца пэўнай. Сярод найбольш дынамічных эканомік апынуліся, напрыклад, Кітай ці Віетнам, дзе ў турмы кідаюць пратэстоўцаў і дзе лідэры выбіраюцца кіруючай клікай. Разам з тым, кіраўнікі Кітаю ці Расеі таксама пачуваюцца няпэўна. Яны сутыкаюцца з іншадумствам на ўласнай тэрыторыі і ня могуць, як раней, тлумачыць, што паўстаньні тыпу лібійскага былі справакаваныя звонку.

“Гэтая частка сьвету здавалася такой бясьпечна стабільнай, кажа Томас Каразэрс, віцэ-прэзыдэнт Фонду Карнэгі. Але дыктатарскім рэжымам становіцца жыць страшна. Аднойчы раніцай ты прачнесься, і ўбачыш усіх гэтых людзей на цэнтральнай плошчы...”
XS
SM
MD
LG