Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брытанскі прэм'ер нагадаў пра беларускіх палітвязьняў


Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран выступіў 25 студзеня ў Страсбуры з крытыкай і прапановамі па рэфармаваньні Эўрапейскага суду ў правах чалавека, згадаўшы ў сваёй прамове сытуацыю ў Беларусі.

Паводле Кэмэрана, цяпер Эўрапейскі суд занадта перагружаны і часта бярэцца за справы, у якіх няма сьведчаньня, што нацыянальныя судовыя рашэньні парушылі Эўрапейскую канвэнцыю ў правах чалавека. Брытанскі прэм'ер лічыць, што суд павінен сканцэнтравацца на «найгоршых і найбольш абуральных парушэньнях правоў чалавека – і аспрэчваць рашэньні нацыянальных судоў, калі яны відавочна не прытрымліваюцца Канвэнцыі».

Кэмэран заявіў пра неабходнасьць памятаць, што прыгнёт і жорсткасьць ня проста факты зь мінулага Эўропы. «У той час як мы сядзім тут сёньня, ў Беларусі людзей кідаюць у турмы за палітычныя перакананьні. Галасы дысыдэнтаў заглушаюць, а іх правы душацца. Тое, што адбываецца менш чым за тысячу міляў адсюль, падкрэсьлівае няспынную важнасьць і патрэбнасьць Рады Эўропы, Канвэнцыі і Суду. Гэта нагадвае нам, што цяпер, больш чым калі, нам патрэбны Суд як маяк ў справе правоў чалавека, які будзе жорстка факусавацца на абароне чалавечай свабоды і годнасьці», – сказаў Кэмэран у сваёй прамове.

Эўрапейскі суд у правах чалавека разглядае скаргі грамадзян 47 дзяржаваў-чальцоў Рады Эўропы ў тых выпадках, калі ёсьць падазрэньне, што дзяржава парушыла Эўрапейскую канвэнцыю ў правах чалавека. Беларусь адзіная сярод сваіх суседзяў не ўваходзіць ў Раду Эўропы, таму беларускія грамадзяне ня могуць зьвяртацца ў гэты суд.
XS
SM
MD
LG