Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочы «Граніту» абвясьціў галадоўку


Леанід Гладзевіч
Леанід Гладзевіч

Кіроўца «БелАЗу» на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Леанід Гладзевіч абвясьціў галадоўку пратэсту супраць ціску на сябраў незалежнага прафсаюзу.

Актывіст незалежнага прафсаюзу кажа, што ўжо другі дзень галадае. Аднак паведаміць пра гэта «Свабодзе» ён здолеў толькі цяпер, бо знаходзіўся ў міліцыі. Леанід Гладзевіч правёў там суткі:

«Адміністрацыя „Граніту“ пачала ціснуць на бацькоў маёй жонкі, каб яна, у сваю чаргу, паўплывала на мяне, прымусіўшы мяне адмовіцца ад удзелу ў незалежным прафсаюзе. У выніку бацькі нават пачалі канфліктаваць з жонкай. З-за гэтага жонка пачала канфліктаваць і са мной. Учора раніцай я прыйшоў з працы дадому і папрасіў жонку прыгатаваць мне пасьнедаць. Але жонка адмовілася, мы пачалі сварыцца, і тут ужо міліцыя стаіць, каб мяне забіраць. Я думаю, што гэта падрыхтавана было адміністрацыяй „Граніту“. У выніку я апынуўся ў міліцыі, сёньня во толькі мяне выпусьцілі, і я другі дзень нічога ня еў,» — кажа Леанід Гладзевіч.

Спадар Гладзевіч кажа, што плянуе трымаць галадоўку да таго часу, пакуль незалежны прафсаюз на «Граніце» не даб’ецца рэгістрацыі:

«Патрабаваньні маёй галадоўкі заключаюцца ў тым, каб прыехаў старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар са мной на гутарку. Я паведамлю зараз у лякарню пра тое, што я галадаю, каб мэдыкі былі ў курсе гэтага, сачылі за маім здароўем. Я буду дабівацца, каб незалежны прафсаюз на „Граніце“ зарэгістравалі і перасталі ціснуць на рабочых. Патрабую, каб Сумар даў магчымасьць атрымаць нашаму прафсаюзу памяшканьне для рэгістрацыі».

Леанід Гладзевіч зьяўляецца адным з найбольш актыўных сябраў незалежнага прафсаюзу на «Граніце», распавёў кіраўнік суполкі гэтага прафсаюзу Алег Стахаевіч. Спадар Гладзевіч адным зь першых напісаў заяву аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу, адным зь першых паставіў подпіс пад арганізацыяй суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве. Леанід Гладзевіч актыўна выступаў і на сходзе працоўных з удзелам Канстанціна Сумара.

Актывіст перакананы, што незалежныя прафсаюзы павінны суіснаваць паралельна з афіцыйнымі на кожным прадпрыемстве ў Беларусі:

«Так, мусіць, прасьцей будзе разьвіваць эканоміку Беларусі, калі незалежны прафсаюз будзе бараніць інтарэсы працоўных, а афіцыйны прафсаюз будзе абараняць інтарэсы начальства».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG