Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргіскія ўлады не ідуць насустрач “зашытым ратам”


Зьняволеныя з зашытымі ратамі ў сьледчым ізалятары ў Бішкеку
Зьняволеныя з зашытымі ратамі ў сьледчым ізалятары ў Бішкеку

Камітэт па правах чалавека Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ заклікаў Кіргізстан паважаць правы чалавека і палегчыць умовы ўтрыманьня ў турмах. Міжнародны водгук прыйшоў на зьвесткі пра масавую галадоўку вязьняў з зашываньнем ратоў.

“Правы чалавека не перастаюць дзейнічаць за турэмнымі варотамі. Трэба паважаць асноўныя правы чалавека , у тым ліку ў сьледчых ізалятарах і месцах папярэдняга затрыманьня”, заявіў у чацьвер Матэа Мекачы, кіраўнік камітэту ПА АБСЭ. Ён заклікаў улады Кіргістану прыняць тэрміновыя меры для вырашэньня сытуацыі. Мекачы выказаў спадзяваньне, што ўлады перагледзяць рашэньне пра закрыцьцё агульных камэр і забясьпечаць зьняволеным адносную свабоду перамяшчэньня.

Паводле кіргіскіх уладаў, 80 працэнтаў зьняволеных усіх турмаў краіны абвясьцілі галадоўку, у часе якой ужо 1197 чалавек зашылі сабе раты, патрабуючы палёгкі ўмоваў утрыманьня. Па словах правабаронцы Уметаліевай, толькі 70 працэнтаў сродкаў, прызначаных на ўтрыманьне ў турмах, патрапляюць па прызначэньні. У жахлівых умовах утрымліваюцца і жанчыны. У іх няма лекаў акрамя анальгіну і асьпірыну; каб эканоміць сродкі, іх могуць карміць праз дзень.

Прадстаўнікі службы выкананьня пакараньняў сьцьвярджаюць, што на экстрэмальныя формы пратэсту вязьняў падштурхоўваюць крымінальныя аўтарытэты. Зь іх падачы зьняволеныя патрабуюць стварыць у кожнай пэнітэнцыярнай установе як мінімум адну “адкрытую”, ці блатную камэру, каб у яе насельнікаў была магчымасьць перасоўваньня па іншых камэрах. Начальнік службы выкананьня пакараньняў Шэйшэнбек Байзакаў заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што не пойдзе на павадку “аўтарытэтаў” і што пры неабходнасьці зьняволеных будуць карміць прымусова.

Масавая галадоўка пачалася ў кіргіскіх турмах 17 студзеня, пасьля таго, як быў жорстка падаўлены бунт у сьледчым ізалятары Бішкеку. На аб’ект былі закліканыя сілы спэцназу, многія вязьні былі параненыя, а адзін, як паведамляецца, у выніку памёр. Паводле агульных падлікаў, у калёніях, турмах і закрытых пасяленьнях Кіргізстану ўтрымліваецца да 20 тысяч зьняволеных.

У самым лёгкім тыпе ўстановаў – пасяленьні -- адбывае сваё пакараньне і брат экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева. Днямі з-за пагаршэньня стану здароўя Ахмата Бакіева перавялі ў бальніцу. Бакіева чакае яшчэ амаль трохгадовы тэрмін. Ён быў асуджаны за арганізацыю непарадкаў у траўні 2010 году, распальваньне нацыянальнай варажнечы, незаконнае нашэньне зброі і захоп чужой маёмасьці.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG