Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп нарадзілася 12 лістапада 1967 году ў Менску. Уласны карэспандэнт расейскай "Новой газеты" па Беларусі.

Працавала намесьніцай галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" і галоўным рэдактарам штотыднёвіка "Имя". Неаднаразова зазнавала крымінальны перасьлед за прафэсійную дзейнасьць, атрымлівала папярэджаньні ад пракуратуры.

У красавіку 1997 году яе разам з бацькам, драматургам і кінадакумэнталістам Уладзімерам Халіпам, жорстка зьбілі ў часе вулічнага мітынгу 2 красавіка. У канцы 2009 году невядомыя пагражалі ёй забойствам. Ляўрэатка прэміі Дзьмітрыя Завадзкага (2003), прэміі Генры Нанэна (2005), прэміі "Герой Эўропы" ў намінацыі "Мужнае сэрца" (2005), прэміі "За мужнасьць у журналістыцы" (2009).

19 сьнежня 2010 году, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, яе затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасьці і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. У канцы сьнежня ёй было прад’яўлена абвінавачаньне паводле чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Калі яна знаходзілася ў СІЗА КДБ, улады спрабавалі забраць зь сям'і трохгадовага сына – Даніка Саньнікава. 29 сьнежня меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе з хатнім арыштам. 16 траўня 2011 году Ірыну Халіп прыгаварылі да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на два гады.

У лютым 2011 году, знаходзячыся пад арыштам, атрымала журналісцкую прэмію "Залатое пяро Расеі". Жонка палітыка, кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якога 14 траўня 2011 году пакаралі пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG