Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Судовая сыстэма працуе як мясарубка, зь верху да нізу»


Канстанцін Каплін

Канстанцін Каплін

Інвалід Канстанцін Каплін мае намер скардзіцца ў міжнародны суд.

Канстанцін Каплін быў асуджаны судом Ленінскага раёну Горадні на 1 мільён 50 тысяч рублёў за ўдзел у маўклівай акцыі 3 ліпеня. Сьведка-міліцыянт паказаў у судзе, што ён разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі браў удзел у несанкцыянаваным шэсьці і пляскаў у далоні. Канстанцін Каплін — інвалід, у яго замест аднае рукі — пратэз. Каплін прайшоў усе судовыя інстанцыі аж да Вярхоўнага суду, але так і не дамогся ў беларускіх судах апраўдальнага рашэньня.

«Канстанцін, вы прайшлі ўсе судовыя інстанцыі Беларусі — ці розьняцца нечым адказы судзьдзяў па вашай справе, або яны абсалютна аднолькавыя?»

«Кожная вышэйстаячая інстанцыя розьніцца большай пісьменнасьцю, але па сутнасьці адказы аднолькавыя: факт вашага ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве пацьверджаны. Пры вывучэньні матэрыялаў справы ня выяўлены факты, якія б сьведчылі пра штучныя намеры складаньня пратаколу ў адносінах да вас, а таксама пра неаб’ектыўнасьць дасьледаваньня вашай справы судзьдзём. Вашы довады зьяўляюцца неабгрунтаванымі. Вось і ўсё».

«Якія ўражаньні ў вас засталіся ад беларускага правасудзьдзя?»

«Уражаньні? Я ў прынцыпе не чакаў цудаў, проста атрымаў фактычныя доказы сваім здагадкам, што сыстэма працуе як мясарубка, зь верху да нізу. Ёсьць справа, ёсьць чалавек — яго трэба асудзіць. І асудзілі. Усё...»

«На гэтым вашыя судовыя пакуты скончаны...»

«У Рэспубліцы Беларусь усе інстанцыі скончыліся. Я ім пісаў, яны, як палічылі па-чэснаму, адказалі — усё. Цяпер трэба ісьці далей. Сам я ня вельмі ў гэтых справах дасьведчаны, але юрысты Хэльсынскага камітэту абяцалі дапамагчы напісаць і накіраваць скаргу ў міжнародны суд. Я не лічу сябе вінаватым, думаю, што наша судовая сыстэма недасканалая, таму трэба на яе ўзьдзейнічаць і ўдасканальваць».

«Канстанцін, вы цікавіцеся зараз палітычнымі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі?»

«Так, я і сёньня толькі вярнуўся з заняткаў і адразу залез у інтэрнэт і ўбачыў... мяне гэта адразу і прымусіла... далей проста нельга цярпець... калі Ірына Халіп распавяла пра лёс Саньнікава. Я адразу і патэлефанаваў на Радыё Свабода».

«Вы раней не хацелі афішаваць адказ зь Вярхоўнага суду?»

«Так, я атрымаў адказ 10 студзеня, а сёньня ўжо 25-га. Тыдні два я сядзеў і думаў, а сёньня, калі прыйшоў дахаты і чытаю, што Саньнікава прэсуюць...»

«Што вы пра ўсё гэта думаеце?»

«Ну, страшна, перш за ўсё страшна, паколькі яны такія самыя людзі, як і мы. Толькі яны сядзяць за кратамі і ня маюць ніякіх гарантыяў. І што там зь імі адбываецца — незразумела. Як наагул яны столькі пратрымаліся! Невядома, што і як са Статкевічам. Калі Саньнікава адпусьцяць — гэта будзе добра, што б там ён ні пісаў, праўда, няпраўда, але гэта будзе добра».

«Канстанцін, а якія навіны ў вашым асабістым жыцьці, чым вы цяпер займаецеся?»

«Цяпер я вучуся на бухгальтара-эканаміста. З улікам маёй першай адукацыі юрыста, думаю, гэта будзе даволі кампактная і запатрабаваная прафэсія».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG