Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пройдзе ў Нью-Ёрку беларускі інвэстыцыйны форум?


Беларускі ўрад хоча аднавіць практыку правядзеньня інвэстыцыйных форумаў, спрабуючы рознымі спосабамі прыцягнуць замежныя сродкі ў бюджэт краіны.

Цягам 2008–2010 гадоў такія мерапрыемствы прайшлі ў Лёндане, Менску і Франкфурце-на-Майне. Прапусьціўшы крызісны 2011-ы, гэтым разам улады замахнуліся па максымуме: пляцоўкай чарговай імпрэзы разглядаецца фінансавая сталіца сьвету — Нью-Ёрк. Ці ёсьць шанцы скарыць Амэрыку на тле глыбока замарожаных дзелавых стасункаў паміж Менскам і Вашынгтонам?

У сьнежні мінулага году намесьнік міністра замежных спраў Аляксандар Гур’янаў выказаў думку, што Беларускі інвэстыцыйны форум-2012 лягічна правесьці ў адной з азіяцкіх сталіцаў, бо эўрапейскі рэгіён ужо «актыўна адпрацаваны». Аднак стала вядома, што азіяцкі напрамак усё ж разглядаецца як запасны, а асноўныя высілкі скіраваныя на «захоп» Уол-Стрыту, дзе месьцяцца галаўныя офісы вядучых транснацыянальных карпарацый. Паводле разьлікаў дзяржаўных экспэртаў, падпісаньне нават некалькіх кантрактаў у Нью-Ёрку падвысіць інвэстыцыйную прывабнасьць Беларусі ў вачох іншых гігантаў усясьветнага рынку.

Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы кіраўнік банку «Эўрапейскі» Валеры Кругавы, які атрымаў палітычны прытулак у Польшчы, падобныя пляны называе «ўтапічнымі» ня толькі з гледзішча беларускага дэсанту ў ЗША, а і з улікам «эфэкту» ад папярэдніх форумаў:

«Натуральна, што нават у выпадку рэалізацыі сваіх фантастычных задумаў
усё гэта з сэрыі казак для асабліва ўражлівых людзей ...

кіраўніцтва Беларусі атрымае прыблізна такі ж эфэкт, як падчас першага Беларускага інвэстыцыйнага форуму ў Лёндане, пра які ўжо ўсе даўно забыліся, хоць ён адбыўся ўсяго пару гадоў таму. На яго, між іншым, па розных ацэнках патрацілі каля 80 мільёнаў даляраў, але нічога адтуль беларускія ганцы так і не прывезьлі. Ці ўзяць вынікі аналягічнага мерапрыемства ў Франкфурце-на-Майне — бяз толку патрачаныя вялізныя грошы. Таму ўсё гэта з сэрыі казак для асабліва ўражлівых людзей».

Пунктам адліку Беларускіх інвэстыцыйных форумаў лічыцца Лёндан. У 2008-м да арганізацыі мерапрыемства прыклаў руку небезьвядомы Тымаці Бэл, наняты беларускімі ўладамі, каб стварыць станоўчы вобраз Беларусі ў сьвеце. Па выніках імпрэзы чыноўнікі адрапартавалі, што форум прайшоў з аншлягам, Беларусь прызнаная краінай са спрыяльным інвэстыцыйным кліматам і адкрытай эканомікай, а ў якасьці пацьверджаньня дэманстраваліся «шматмільённыя кантракты» зь вядучымі міжнароднымі карпарацыямі. Праўда, за прамінулы час ніводзін з анансаваных праектаў так і ня быў рэалізаваны. Як кажа паліттэхноляг Міхаіл Падаляк, дэпартаваны зь Беларусі ва Ўкраіну ў 2004 годзе, інвэстыцыі ў тым выпадку атрымаў хіба што толькі сам лорд Бэл:

Міхаіл Падаляк

Міхаіл Падаляк

«Ды развадзілава поўнае. Ён, вядома, нармальна ўладкаваўся, зарабіў добрыя грошы. Але гэта эфэкт „надзіманьня“, Бэл тут не выключэньне. Спачатку такія авантурысты робяць карцінку: расказваюць казкі, як яны ледзьве не рэвалюцыі арганізоўвалі ў Афрыцы, у Лацінскай Амэрыцы, у Грузіі і г.д. Яны такім чынам „надзімаюцца“, а потым прыходзяць і выстаўляюць лічыльнік. У іх, як правіла, ёсьць прыкормленыя журналісты, якім яны не шкадуюць грошай, шчодра аплачваюць замоўленыя матэрыялы. І тыя пішуць „паблісіці“ (ёсьць такая прыгожая тэрміналёгія). Вось прынцып, гэта ўсё досыць прымітыўна. Пытаньне толькі, хто „ўпарыў“ Лукашэнку гэтага Бэла? Таму што сам жа не прыйшоў, не сказаў, што вось я Бэл, давайце мне грошы. Хтосьці ж яго прыцягнуў. Але не Макей, гэта я дакладна ведаю».

Іншы выязны форум у Франкфурце-на-Майне — за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году — быў прызнаны яшчэ больш удалым. Тады кантрактны пакет быў ацэнены больш чым у 2,5 мільярда даляраў. Аднак жорсткі разгон акцыі нязгодных з вынікамі галасаваньня 19 сьнежня перакрэсьліў папяровыя дамоўленасьці. Да таго ж экспэрты ставяць пад сумнеў сапраўднасьць аб’ёму меркаваных інвэстыцыяў. Як кажа старшыня Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгій Бадзей, дзелавую супольнасьць да ўдзелу ў такіх форумах не запрашаюць, і пад каго выбіваюцца сродкі — застаецца загадкай:

Георгі Бадзей

Георгі Бадзей

«Ня ведаю, у нас няма і не было такіх запрашэньняў, таму каго ўлады запрашаюць на такія форумы — гэта толькі яны самі і ведаюць. Натуральна, інтарэс да такіх мерапрыемстваў ёсьць, але траціць свае грошы трэба пад нейкія канкрэтныя ідэі і прапановы. Але, па-першае, ня так іх у нас і багата, лішніх грошай, каб можна было вось так разьяжджаць па сьвеце. Па-другое, асаблівага плёну ад ранейшых форумаў асабіста я нешта не адчуў, таму няма падставаў нават нешта абмяркоўваць».

Аналітыкі перакананыя: на тле вострага фінансава-эканамічнага крызісу, які бушаваў у Беларусі ўвесь 2011 год і ня скончыўся да гэтай пары, спробы ўгаварыць патэнцыйных інвэстараў укладаць грошы ў беларускую эканоміку ня будуць мець вялікага плёну. Для дзелавых людзей Беларусь застаецца краінай падвышанай рызыкі — няма ніякай гарантыі, што ўкладзеныя сродкі ўрэшце ня будуць нацыяналізаваныя. Да таго ж існуе вялікая верагоднасьць, што да палітычных санкцыяў супраць вышэйшых кіраўнікоў краіны і асобаў, падазраваных у датычнасьці да рэпрэсій, будуць пашыраныя і санкцыі эканамічныя. У такой сытуацыі сродкі інвэстараў папросту перастануць працаваць і прыносіць прыбыткі.
XS
SM
MD
LG