Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Францыі шкадуе, што прысуд Бяляцкаму не зьмянілі


Улады Францыі расчараваныя рашэньнем беларускага суду, які пакінуў бязь зьменаў прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.

«Францыя асуджае рашэньне суду пацьвердзіць прысуд на 4,5 года турмы Алесю Бяляцкаму за дзеяньні, зьвязаныя з барацьбой за правы чалавека», — заявіў прадстаўнік французскага МЗС Бэрнар Валеро.

«Францыя заклікае Беларусь вярнуць свабоду ўсім людзям, якія апынуліся за кратамі праз свае палітычныя перакананьні або з-за таго, што яны абараняюць грамадзянскую супольнасьць і правы чалавека», — падкрэсьліў Валеро.

Ён дадаў, што «Беларусь павінна захоўваць грамадзянскія і палітычныя правы ўсіх сваіх грамадзян у адпаведнасьці з усімі міжнароднымі абавязаньнямі», перадае Інтэрфакс.

24 лістапада Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы. Прысуд Бяляцкаму пакінулі бязь зьмены.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на свае рахункі, выдаткоўваў на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Бяляцкі знаходзіцца ў жодзінскай турме.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
XS
SM
MD
LG