Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая ўмова далучэньня Беларусі да Рады Эўропы — вызваленьне палітвязьняў


Турб'ёрн Ягланд

Турб'ёрн Ягланд

Перамовы аб далучэньні Беларусі ў Рады Эўропы могуць аднавіцца пасьля вызваленьня экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, праваабаронцаў і адмены сьмяротнага пакараньня.

Пра гэта ў сераду ў Страсбуры заявіў журналістам генэральны сакратар Рады Эўропы Турб'ёрн Ягланд, перадае Інтэрфакс.

«Існуюць выразныя ўмовы, каб аднавіць гэты працэс (перамовы па далучэньні Беларусі да Рады Эўропы)», – сказаў Ягланд.

Ён удакладніў, што неабходна вызваліць з турмаў былых кандыдатаў у прэзыдэнты і праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

Ягланд падкрэсьліў, што «ні адна эўрапейская краіна ня можа быць чальцом Рады Эўропы і мець які-небудзь статус пры ёй, калі там існуе пакараньне сьмерцю». Ён заклікаў улады Беларусі «не выконваць рашэньні аб сьмяротнай кары (у справе аб тэракце ў менскім мэтро), бо ў справе ня ўсё ясна». Генэральны сакратар дадаў, што наступствы ўжываньня сьмяротнай кары непапраўныя.

«Гэта папярэднія ўмовы», – сказаў ён. «Умоваў для аднаўленьня дыялёгу (аб статусе спэцзапрошанага ў ПАРЭ) няшмат, кіраўнічаму рэжыму было б няцяжка іх выканаць», – перакананы Ягланд.

«Я спадзяюся, што ў Беларусі адбудуцца перамены і яна зможа стаць паўнапраўным чальцом Рады Эўропы. Беларусь павінна быць у Радзе Эўропы, бо яна знаходзіцца ў Эўропе», – сказаў Ягланд.
XS
SM
MD
LG