Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС называе рэзалюцыі ПАРЭ па Беларусі шаблённым дакумэнтам


Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных: «Гэты даклад можна ўпэўнена назваць пасрэдным, шаблённым дакумэнтам, напісаным на аснове сумнеўных матэрыялаў і фальшывых абвінавачваньняў зь сеткі Інтэрнэт».

«Дакладчык па Беларусі ПАРЭ Андрэс Хэркель у Беларусі ня быў, па беларускую візу не зьвяртаўся. Не было яго і ў складзе парлямэнцкай дэлегацыі Эстоніі, якая нядаўна наведала Беларусь», — заявіў Савіных.

Прадстаўнік МЗС назваў Хэркеля аўтарам, «з дазволу сказаць, гэтага опусу, у якім адсутнічаюць лёгіка і здаровы сэнс».

25 студзеня Хэркель у інтэрвію «Свабодзе» заявіў, што ўжо некалькі месяцаў чакае адказу наконт беларускай візы.

На заўвагу пра гэта Андрэй Савіных адказаў: «Пра гэта мы нічога ня ведаем».

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы на сваёй зімовай сэсіі ў Страсбуры прыняла рэзалюцыю аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У рэзалюцыі прапанавана не аднаўляць кантакты ПАРЭ зь беларускімі ўладамі на высокім узроўні да таго часу, пакуль у краіне ня будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне. Да гэтага ж моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртаньне Нацыянальнаму сходу статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да дзяржаваў-сябраў Рады Эўропы «далучыцца да рэжыму адрасных санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да Беларусі да тых часоў, пакуль ня будуць вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя ўсе палітзьняволеныя».

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавала 111 парлямэнтароў, супраць — 10, устрымаліся 6.

Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы. Статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ беларускі парлямэнт страціў 13 студзеня 1997 г.
XS
SM
MD
LG