Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: Прашэньне Саньнікава перададзенае ў Адміністрацыю прэзыдэнта


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Адміністрацыя калёніі «Віцьба-3» кажа, што накіравала хадайніцтва Саньнікава разам зь неабходнымі дакумэнтамі ў аддзел па пытаньнях грамадзянства і памілаваньня Адміністрацыі прэзыдэнта 23 студзеня гэтага года.

У МУС Інтэрфаксу патлумачылі, што хадайніцтва падаецца ў адміністрацыю калёніі, якая павінна перадаць просьбу аб памілаваньні разам з пакетам іншых дакумэнтаў — копіяй прысуду, характарыстыкай асуджанага ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі цягам месяца.

23 студзеня Ірына Халіп заявіла, што яе мужа, былога кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Аднрэя Саньнікава вымусілі падпісаць прашэньне да Лукашэнкі

Прашэньне 20 лістапада «пагрозамі і катаваньнямі выбілі з Андрэя», заявіла Халіп.

У часе спатканьня Халіп напісала на паперцы пытаньне, ці былі пагрозы сям’і. Саньнікаў кіўнуў галавой.

Паводле Халіп, Саньнікаў прыклаў да шкла паперку, на якой было напісана: стаіць пытаньне пра выратаваньне майго жыцьця.

Ірына Халіп адзначыла, што Саньнікаў ня каяўся ў сваіх учынках у гэтым прашэньні. Гэта была просьба аб вызваленьні, «якую, я падкрэсьліваю, зь яго выбілі».

«Абмен інфармацыяй з дапамогай запісак падчас такіх спатканьняў тэхнічна немагчымы», — адзначыў прадстаўнік беларускага МУС.

Пры канцы мінулага тыдня Саньнікава з памяшканьня камэрнага тыпу перавялі ў сёмы атрад калёніі. Цяпер ён можа хадзіць на прагулкі на сьвежае паветра і кантактаваць зь іншымі палітзьняволенымі.

14 траўня 2011 году суд Партызанскага раёну Менску прысудзіў Андрэю Саньнікаву пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году.

Ад ліпеня Саньнікаў адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку, аднак праз два месяцы яго без тлумачэньняў перавялі ў бабруйскую калёнію № 2. У лістападзе палітвязьня этапавалі ў «Віцьбу-3».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG