Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьдзекі з Саньнікава – кампэнсацыя Лукашэнкі за прыніжэньні ад Расеі»


Рэжысэр дакумэнтальнага кіно Юры Хашчавацкі – пра сытуацыю вакол зьняволенага беларускага палітыка Андрэя Саньнікава.

Абламейка: Добры вечар, Юры. Як вы ставіцеся да сёньняшняга паведамленьня Ірыны Халіп пра тое, што Андрэй Саньнікаў зьвярнуўся да Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні пасьля двух месяцаў катаваньняў?

Хашчавацкі: Па-першае, для мяне гэтае паведамленьне не зьяўляецца такой ужо вялікай нечаканасьцю, бо вось ужо некалькі месяцаў мы адчувалі, ведалі, што з Андрэем там адбываецца нешта страшнае, і мы ўвесь час пра гэта казалі. І цяпер стала ясна, што яго там катуюць звыш усялякай меры, бо інакш ён бы гэтага не зрабіў. Як я разумею, гэтыя катаваньні шмат у чым заснаваныя на тым, што ідуць пагрозы яго сям'і, яго сыну і жонцы Ірыне. Гэта значыць, чалавек апынуўся ў найстрашнейшым становішчы, і мы, проста як грамадзтва, павінны зразумець сваю вялізную віну ў гэтым. Мы ня здолелі абараніць ні Андрэя, ні Дашкевіча, ні Аўтуховіча ўжо столькі гадоў, ні Статкевіча. Мы сабе не ўяўляем, што там вычвараюць з гэтымі людзьмі гэтыя зьвяры. Хоць мы выдатна бачылі, на што яны здатныя ўлетку, калі былі воплескі на вуліцах. І гэта проста за воплескі. А там жа Саньнікаў ужо больш за год. І гэтая перасылка няспынная. Пяць турмаў зьмянілі. А што там на пераездах робіцца, мы ж гэта ўсё ведаем. Гэта вельмі сумна, вось як я да гэтага стаўлюся. Хоць, шчыра кажучы, ёсьць і нагода для невялічкай радасьці, усё ж такі яго бачылі, усё ж такі яго бачылі жывога. І гэта вельмі важна.

Абламейка: Сёньня былы палітвязень Мікіта Ліхавід у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што, напісаўшы прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, Саньнікаў паставіў крыж на сваёй далейшай кар’еры палітыка. Ці згодныя вы з гэтым?

Хашчавацкі: Канечне, я ня згодны зь Мікітам. Я Мікіту вельмі паважаю, ён выдатны хлопец, мужны, малайчына, і я ганаруся тым, што знаёмы з гэтым хлопцам. Але як малады, ён, вядома ж, больш радыкальны, чым людзі сталыя. І тыя катаваньні, якім падвяргаўся Мікіта, а ён падвяргаўся вельмі сур'ёзным катаваньням, яны ўсё адно ні ў якое параўнаньне ня йдуць з тым катаваньнем. Калі ў Мікіты зьявяцца дзеці, дай Бог, жонка, сям'я, ён зразумее, што вышэй за сям'ю, вышэй за дзяцей няма нічога на белым сьвеце. І я думаю, што беларускае грамадзтва гэта зразумее.

Абламейка: Вы чалавек і мастак, які ў сваёй творчасьці ня раз зьвяртаўся да тэмы цяперашняга рэжыму ў Беларусі і яго кіраўніка. Як вы разумееце гэтую сытуацыю – Саньнікава катавалі, прымусілі напісаць прашэньне, а цяпер не выпускаюць?

Хашчавацкі: Рэч у тым, што трэба разумець, як гэта ўсё адбывалася. Мы можам сабе гэта ўявіць. Было аддадзенае распараджэньне турмам, начальству турэмнаму, тое, што называецца «гаспадарам» на слэнгу зэкаў, ім было аддадзенае распараджэньне ўсімі спосабамі, магчымымі і немагчымымі, дамагчыся гэтага прашэньня ад Саньнікава, ад Статкевіча і іншых. І тое, што Саньнікаву мянялі турмы няспынна, сьведчыць пра тое, што проста не знаходзілася такога ката, нягледзячы на тое, што ўсе яны там каты, які б здолеў па першым часе ад яго гэтага дамагчыся. Відавочна, што шукалі менавіта такога, які зможа гэтага дабіцца. Мы ведаем, як гэта адбываецца, мы ўсе чыталі літаратуру, на што здольныя гэтыя людзі яшчэ з 1930-х гадоў. Дык рэч вось у чым. У тым, што наш узурпатар, я яго прэзыдэнтам назваць не магу, я даўно адчуваю, што гэты чалавек – садыст. Тое, што адбываецца, прыносіць яму неверагоднае задавальненьне, тое, што ён можа рабіць зь людзьмі ўсё, што ён хоча. Зразумейце, што гэтыя зьдзекі з Саньнікава і зь іншых палітзьняволеных, яны ж адбываюцца не зусім зь іх, яны адбываюцца з нас. І больш за ўсё зараз адбываецца зьдзек з маралі беларускага грамадзтва. І ён глядзіць – я проста бачу гэта – ён глядзіць з усьмешкай: а што вы зробіце?! І мае на ўвазе не апазыцыю, ня «пятую калёну», ён мае на ўвазе беларусаў, людзей, якія назіраюць за гэтым, даведваюцца пра гэта... Вось што вы зробіце, я ўсё магу!.. Гэта галоўнае, што цяпер адчувае наш гарант так званы. Асабліва гэта ўсё абвастрылася ў зьвязку з тымі прыніжэньнямі, якія ён атрымлівае цяпер ад Расеі, якая яго нахіліла проста ніжэй плінтуса (я выкарыстоўваю яго тэрміналёгію). Гэта свайго роду кампэнсацыя.

Цалкам размову можна слухаць тут:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG