Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпэт адзначае першую гадавіну рэвалюцыі 25 студзеня, якая закончылася зьвяржэньнем рэжыму прэзыдэнта Мубарака.

Сёньняшні дзень абвешчаны ў краіне выходным. У цэнтры Каіру і іншых буйных гарадоў праходзяць масавыя маніфэстацыі. Наплыў людзей на знакамітую плошчу Тахрыр быў вельмі масавым, у выніку падзеньня перанаселенай трыбуны некалькі людзей пацярпелі, а цяжарная жанчына нарадзіла дзіця.

Цяперашнія ўлады Эгіпту абяцаюць у гонар першай гадавіны рэвалюцыі вызваліць каля дзьвюх тысяч чалавек, якіх абвінавачвалі за ўдзел у непарадках. Напярэдадні кіраўнік Вышэйшай ваеннай рады Хусэйн абвясьціў і пра частковую адмену надзвычайнага становішча. Аднак, паводле яго словаў, жорсткія меры ў адносінах да «бандытаў» будуць захоўвацца.

Многія эгіпцяне між тым чакаюць ад Тантаўі, былога паплечніка Мубарака, большага – хутчэйшай перадачы ўлады грамадзянскім інстытутам. Прадстаўнікі Вышэйшай ваеннай рады ў сваёй сёньняшняй заяве пацьвердзілі гатовасьць перадаць уладу 30 чэрвеня, пасьля правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. У дакумэнце гаворыцца, што пасьля 30 чэрвеня вайскоўцы будуць толькі гарантаваць бясьпеку «на зямлі, у паветры і на моры ў Эгіпце». Вайскоўцы абяцаюць раскрыць таксама засакрэчаныя зьвесткі пра свае дзеяньні напярэдадні рэвалюцыі.

Зрынуты прэзыдэнт Хосьні Мубарак, нягледзячы на праблемы са здароўем, застаецца падсудным. Яго абвінавачваюць у расстрэле дэманстрантаў, а таксама ў карупцыі.
XS
SM
MD
LG