Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крадуць усё, што і кепска ляжыць, і што добра»


У першы месяц 2012-га году ў сельскай мясцовасьці Беларусі значна павялічылася колькасьць крадзяжоў. Паводле апэратыўных зводак Міністэрства ўнутраных спраў, на фэрмах больш сталі красьці жывёлы і кармоў, а таксама акумулятараў, запасных частак, паліва для тэхнікі. Больш чым на 20 працэнтаў у рэгіёнах павялічылася колькасьць выпадкаў рабунку пэнсіянэраў…


Магілёўшчына


На ўсходзе рэгіёну злодзеі аддаюць перавагу крадзяжам мэталёвых вырабаў, бо іх лягчэй збыць у скупшчыкаў. Тыя, у сваю чаргу, вязуць набытае на продаж у Расею.

«Агароджы крадуць, брамкі. У майго суседа скралі мэталічную рашотку выціраць ногі. Не пасьпеў ён прыбраць пад замок, пакінуў на вуліцы, таксама рыдлёўкі, граблі. Дык звалаклі. Крадуць тыя, каму няма на што жыць. Дужа шмат мужчынаў выяжджае ў Расею, а тут застаюцца такія людзі, нібыта выкінутыя, а жыць і ім трэба — вось і зьбіраюць мэтал», — зазначае жыхар Крычаўскага раёну Мікалай.

У іншых мясьцінах вобласьці ў злодзеяў няма яскрава выяўленых прыхільнасьцяў. Яны бяруць тое, што застаецца альбо без нагляду гаспадароў, альбо кепска схаванае. Пра сытуацыю ў вёсцы Брожа Бабруйскага раёну апавядае яе жыхарка Тамара:

«Посуд, бялізну пасьцельную на дачах. Асабліва хто зьехаў ды пакінуў. Усё, што засталося ў лядоўнях. Усё такое простае, каб на бутэльку. Сабак трымаюць людзі, засаўкі робяць. Ну й на міліцыю разьлічваюць, больш ні на што».

Крадуць і садовую тэхніку, якую нібыта цяжка непрыкметна звалачы:

«Скралі ў мяне газонакасілку. Толькі на пару гадзін адышла. Залезьлі ў фортку ды скралі. Так і не знайшлі яе. Канечне, аб’ёмны чалавек туды ня мог залезьці. Падлеткі маглі гэта зрабіць», — скардзіцца ўладальніца лецішча з Магілёўскага раёну Вольга.

Што да крадзяжоў у сельскіх гаспадарках, то, на думку былога дырэктара саўгаса «Дрыбінскі» Мікалая Юркова, тут мала што зьмянілася з савецкіх часоў. Людзі вымушаны красьці, бо пражыць на мізэрны заробак немагчыма:

«Крадуць у асноўным кармы, але цяпер попыт на гэта не такі вялікі. На вёсцы калі й засталося пяць-шэсьць кароў, а дзе-нідзе й адна, ты ж сам ня будзеш есьці гэты камбікорм. А вось на паліва тут павялічыўся попыт. Але асноўнае чалавек знойдзе, дзе скрасьці, бо больш за ўсё крадзе наша дзяржава».

Гомельшчына


На Гомельшчыне крадзяжы ў вёсках сталіся такой жа звыклай зьявай, як сьнег узімку ці навальніца ўлетку. Крадуць усё, што і кепска ляжыць, і добра.

У мястэчку Доўск Рагачоўскага раёну гаспадыня зьвярнулася ў міліцыю з заявай пра тое, што невядомыя злодзеі зламалі дзьверы ў хлеўчуку, залезьлі ў склеп і скралі 10 кіляграмаў сала, хатнюю тушонку, агуркі, сьвіны тлушч і нават 15 пустых трохлітровых слоікаў.

У аграгарадку Ціхінічы таго ж Рагачоўскага раёну мясцовы жыхар скраў ноччу з катуха аднавяскоўца 6 курэй. Як сказана ў міліцэйскай зводцы здарэньняў, — «чорнага й рыжага апярэньня».

Крадуць у вёсцы трактары і коні, паліва і мэталялом, сетку для агароджы і самаробныя станкі, а таксама вопратку, харчы з крамаў і сьпіртовыя напоі.

Таксама міліцыянты зафіксавалі, што ў вёсцы Расьсьвет Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці скралі з Дома культуры карціны беларускіх мастакоў Леаніда Шчамялёва, Ягора Батальёнка і Мікалая Цурыкава.

Добры знаўца вясковай рэчаіснасьці, настаўнік замежнай мовы й перакладчык Мікола Бусел, які жыве цяпер у вёсцы Пружынішчы Акцябрскага раёну, так камэнтуе пашырэньне крадзяжоў у сельскай мясцовасьці:
У вёсцы сёньня пануе стан поўнага разлажэньня грамадзтва. Людзей нічога не яднае.

«Гэта лягічны вынік бальшавіцкага панаваньня, калі народ ператвараецца ў люмпэнаў. Дзяржава мэтанакіравана спойвае народ танным пойлам і, па сутнасьці, у вёсцы сёньня пануе стан поўнага разлажэньня грамадзтва. Людзей нічога не яднае. У іх няма й ніколі не было арганізацыі тыпу нейкай рады. Гэта атамізаванае, расплюшчанае грамадзтва».

Як кажа спадар Бусел, вёска памірае, выраднее. Далёка ня ўсе мужчыны дажываюць да пэнсійнага ўзросту. Многія з маладзейшага пакаленьня да нейкага разумнага занятку не прызвычаіліся — толькі да п’янства й крадзяжоў:

«Гэтыя хлопцы, якія нідзе не ўладкаваліся, яны прывучаны да гарэлкі, да п’янства, да асацыяльнага існаваньня. А працаваць разумна, асэнсавана, мэтанакіравана ў іх няма магчымасьці. Калгас — гэтая каляніяльная сыстэма, яна падмяла пад сябе ўсё. Яна ўсё манапалізавала, і чалавеку няма дзе прыладзіцца. На тых умовах, якія прапануюць, многія ня хочуць і ня будуць працаваць. Нават тыя, хто працуе, ня бачаць часта сэнсу і выпрошваюць прыніжана напавер пляшку чарніла. Гэта страшная зьява, цяжкая сацыяльная хвароба, прычым, на мой погляд, невылечная ўжо. Для гэтых людзей выйсьця няма. Яны так і скончаць — люмпэнамі».

Меншчына


У папярэднім годзе на Меншчыне афіцыйна было зарэгістравана 690 злачынстваў, якія ўчынілі непаўналетнія. І сёлета, на жаль, адлік такіх выпадкаў зноў пачаўся. 17-га студзеня ў вёсцы Леніна на Случчыне са сьвінафэрмы акцыянэрнага таварыства «Раманава» былі скрадзены некалькі сьвіней агульным коштам амаль шэсьць мільёнаў рублёў.

На сёньня дакладна вядома, што сьвіней скралі трое непаўналетніх юнакоў зь вёскі Леніна. Маладыя злодзеі — дзеці прыежджых, для якіх мясцовы брыгадзір спадар Уладзімер знаходзіць ня вельмі добрыя словы:
Прыяжджаюць, прыкінуцца нармальнымі працаўнікамі, пабудуць тут які месяц — калі ласка, атрымліваюць добрую кватэру.

«Якая яблыня — такія й яблычкі… Ня дай Божа пільнаваць іх. Усё, што ляжыць „няправільна“ — усё забіраюць. Зараз тут дамы для іх будуюцца. Прыяжджаюць, прыкінуцца нармальнымі працаўнікамі, пабудуць тут які месяц — калі ласка, атрымліваюць добрую кватэру. Таму ў нас цяпер тут увесь зброд, калі казаць чэсна…»

Па словах нашага суразмоўцы, сьвіней юныя злодзеі скралі, каб перапрадаць, а на выручаныя грошы купіць сабе мабільныя тэлефоны і кампутары.

Супрацоўніца Ленінскага сельсавету спадарыня Тамара шкадуе, што ў аграгарадку практычна не засталося тутэйшых жыхароў:

«У нас цяпер аграгарадок. Будуецца жыльлё. Ужо больш як 40 новых домікаў. Таму сюды і едуць людзі. Адбываецца тое ж, што і ў любым калгасе: адны прыяжджаюць, іншыя зьяжджаюць. Зараз шмат такога жыльля, таму людзі не трымаюцца на месцы. А мясцовых людзей тут адзінкі засталіся.

У асноўным у нас злачынствы ўчыняюцца людзьмі ў нецьвярозым стане. Усе гэтыя крадзяжы. Сапраўды — вялікая й галоўная ў нас гэтая праблема».

На думку слуцкага краязнаўцы Ігара Ціткоўскага, прычыны росту крадзяжоў і ўвогуле злачынстваў у аграгарадку Леніна — перарваная пераемнасьць радні й традыцыйнага ладу жыцьця.

«Гэта ж заўсёды лёгкія на пад’ём тыя людзі, каму няма чаго губляць… Раней тут жа была ня вёска, а мястэчка. Там былі два праваслаўныя храмы. У цяперашнія працэсы, што тут адбываюцца, я асабліва не паглыбляюся».

Карэспандэнт: «Але калі даходзяць паведамленьні, што людзі крадуць найбольш у вёсцы Леніна, то дзівіцца не даводзіцца?»

Суразмоўца ахвотна пагаджаецца і нават сьмяецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG