Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» пад пагрозай канфіскацыі


«Вясна»: Мы нікуды не выязджаем, гэта касмэтычныя захады
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00
Наўпроставы лінк

Сябры праваабарончага цэнтру «Вясна» вывезьлі са свайго офісу ў Менску частку рэчаў, але заяўляюць, што застануцца ў памяшканьні да апошняга.

Пасьля таго як учора суд адхіліў касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага, чакаюцца захады ўладаў, скіраваныя на канфіскацыю маёмасьці. Якая сытуацыя вакол «Вясны» пасьля пацьвярджэньня прысуду яе старшыні Алесю Бяляцкаму?

11 апошніх гадоў офіс праваабарончага цэнтру «Вясна» месьціцца ў кватэры на праспэкце Незалежнасьці 78а-48. Гэтая кватэра была набытая ў 2000 годзе і па рашэньні рады «Вясны» аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Цяпер згодна з прысудам гэты офіс можа быць канфіскаваны. Сябры «Вясны» яго не зьбіраюцца пакідаць, бо пакуль не атрымалі рашэньня суду аб высяленьні, але судовыя выканаўцы могуць зьявіцца ў любы час. Сёньня з памяшканьня была вывезеная толькі частка маёмасьці і дакумэнтаў, распавяла праваабаронца Тацяна Равяка:

«Гэта найперш нашы архівы, якія мы хацелі б захаваць і каб яны заставаліся як сьлед, як вынік працы нашай арганізацыі за многія гады. Гэта тэхніка, якой мы пасьпелі абрасьці за гэты год пасьля ўсіх канфіскацый. Гэта элемэнтарныя рэчы, як лядоўня і сталы, якія б мы хацелі захаваць і пачынаць працу на новым месцы. Мы яго ўжо пачалі шукаць. Рыхтуемся, што ў вялікай ступені офіс у нас можа быць забраны. Рашэньне суду трэба выконваць, падабаецца яно нам ці не падабаецца, лічым мы яго правамерным ці не, але мы мусім яму падпарадкавацца».

Паводле праваабаронца Паўла Сапелкі, прысуд уступіў у законную сілу і цяпер чакаецца канфіскацыя маёмасьці, а Бяляцкага накіруюць да месца адбыцьця пакараньня.

«Што да канфіскацыі маёмасьці — відаць, Бяляцкі і яго жонка будуць рабіць нейкія захады, каб выключыць маёмасьць з вопісу. Выракам суду накладзены арышт на ўсю маёмасьць, то бок і кватэра, дзе месьціцца офіс „Вясны“, і кватэра, дзе пражывае жонка Бяляцкага з сынам, і лецішча ў Ракаве, і аўтамабіль. І астатняя маёмасьць, якая знаходзіцца ва ўсіх гэтых памяшканьнях, падлягае канфіскацыі, за выключэньнем вузкага пераліку прадметаў, на якія не распаўсюджваецца канфіскацыя. Гэта літаральна там спальныя месцы, адзеньне, абмежаваны пералік сталовых прыбораў».

Паводле Сапелкі, пасьля касацыйнага разгляду вырак уступае ў законную сілу, але яшчэ будуць падавацца наглядныя скаргі. Таму пытаньне яшчэ канчаткова не закрыта. Ён мяркуе, што сплата шкоды, унесеная да ўчорашняга суду, спросьціць становішча Алеся Бяляцкага за кратамі.

«У любым выпадку ў месцах пазбаўленьня волі адміністрацыя арыентаваная на тое, каб аказваць максымальны ціск на вязьняў дзеля кампэнсацыі шкоды паводле прысуду».
Пакуль што ёсьць куды прыйсьці, пакуль жыву…

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля паведаміла, што атрымала дазвол на сустрэчу з Алесем у найбліжэйшыя дні. Што да двухпакаёвай кватэры, дзе яна цяпер пражывае з сынам, то пакуль ніякіх дзеяньняў з боку судовых органаў не рабілася. Гэтую кватэру Бяляцкія набылі ў 1999 годзе пасьля продажу дзьвюх аднапакаёвак, адну зь якіх Бяляцкі атрымаў паводле ордэра Міністэрства культуры, адзначае Натальля:

«Калі яны жадаюць забраць, то няхай забіраюць. На карысьць гэта нікому ня пойдзе. І, я думаю, тое, што адбылося ўчора, і тое, што адбудзецца ў далейшым, верагодна, у такім жа самым кірунку, паказвае і характар улады, і не паляпшае яе імідж. Пакуль што ёсьць куды прыйсьці, пакуль жыву. Выганяць на вуліцу — тады ўжо буду вырашаць пытаньне».

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч заявіў, што «Вясна», нягледзячы ні на што, працягвае сваю працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG