Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хэркель: «Рада Эўропы цяпер будзе больш пасьлядоўна займацца Беларусьсю»


Андрэс Хэркель

Андрэс Хэркель

25 студзеня Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы на сваёй сэсіі ў Страсбуры прыняла рэзалюцыю аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Прапанавана не аднаўляць кантакты ПАРЭ зь беларускімі ўладамі на высокім узроўні да таго часу, пакуль у краіне ня будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне. Да гэтага ж моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртаньне Нацыянальнаму сходу статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ.

Таксама былі прынятыя і рэкамэндацыі Радзе Эўропы ўвесьці ў дачыненьні да афіцыйнага Менску тыя ж санкцыі, якія ўжо ўвёў Эўразьвяз.

Адмысловы дакладчык ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі, эстонскі парлямэнтар Андрэс Хэркель у тэлефоннай размове са «Свабодай» асабліва падкрэсьліў, што сёньня прынятыя аж два дакумэнты:

«Ацэнка дзейнасьці рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі стала ключавым элемэнтам сёньняшняй дыскусіі. І я задаволены, што і рэзалюцыя, і рэкамэндацыі былі прынятыя велізарнай большасьцю галасоў. А гэта азначае, што Рада Эўропы хоча больш пасьлядоўна займацца тым, што адбываецца ў Беларусі. Гэта азначае, што нас тычыцца ўсё — а ня толькі адмена сьмяротнага пакараньня. Гэты тычыцца і таго, што за кратамі знаходзяцца і былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, і праваабаронца Алесь Бяляцкі, і іншыя людзі».

Ці не зьбіраецца Хэркель бліжэйшым часам наведаць Беларусь. Дакладчык па Беларусі адказаў:

«Я паспрабаваў гэта зрабіць. Тут, у Страсбуры, я зьвярнуўся да супрацоўніка амбасады Беларусі ў Францыі, які стала працуе ў Страсбуры, з такой просьбай. У мяне была прапанова да беларускіх уладаў, каб я наведаў Менск і сустрэўся з палітычнымі вязьнямі Саньнікавым, Статкевічам, Дашкевічам, Бяляцкім. Аднак цягам некалькіх месяцаў я ніякага адказу на гэты зварот не атрымаў».
XS
SM
MD
LG