Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама заклікаў будаваць справядлівую эканоміку


Прэзыдэнт ЗША выступіў з штогадовым пасланьнем «Аб становішчы ў краіне». Гаворачы пра стан рэчаў унутры краіны, Барак Абама заявіў пра неабходнасьць большай эканамічнай роўнасьці. «Амэрыка вярнулася», — гэтымі словамі Абама падкрэсьліў свае леташнія дасягненьні ў замежнапалітычнай дзейнасьці.

Прадстаўляючы свой эканамічны плян, амэрыканскі прэзыдэнт паўтарыў сваю ня раз ужо прапаноўваную ідэю: павысіць падаткі для багатых амэрыканцаў, даходы якіх перасягаюць мільён даляраў на год. Барак Абама асудзіў эканамічную няроўнасьць у краіне і паабяцаў зрабіць захады для аднаўленьня эканомікі:

«Давайце ніколі не забывацца пра тое, што мільёны амэрыканцаў штодня старанна працуюць і заўсёды гуляюць па правілах. Яны заслугоўваюць на такі ўрад і такую фінансавую сыстэму, якія паводзяць сябе гэтак жа. Таму больш ніякіх крэдытаў, ніякіх падачак, ніякіх адгаворак. Амэрыка пабудаваная на прынцыпе, што адказнасьць нясе кожны».
Больш ніякіх крэдытаў, ніякіх падачак, ніякіх адгаворак. Амэрыка пабудаваная на прынцыпе, што адказнасьць нясе кожны ...

Паводле Абамы, у краіне павінна быць праведзеная падатковая рэформа: той, хто зарабляе больш як адзін мільён даляраў за год, не павінен плаціць падатак, меншы за 30%.

У цяперашняй перадвыбарнай кампаніі ў ЗША падаткаабкладаньне выклікае найбольшую палеміку. Паводле назіральнікаў, у сваім пасланьні кангрэсу Абама паспрабаваў скарыстаць настроі амэрыканскай сярэдняй клясы, не задаволенай дзейнасьцю фінансістаў з Уол-стрыт:

«Сёньня я прашу міністра юстыцыі стварыць адмысловае падразьдзяленьне пракурораў фэдэральнага і штатнага роўняў, каб пашырыць расьсьледаваньне злоўжываньняў у ходзе крэдытаваньня рызыкоўных пазык, што прывялі да гіпатэчнага крызісу. Гэтая група прыцягне да адказнасьці тых, хто парушаў закон, паскорыць дапамогу домаўладальнікам і дапаможа загарнуць старонку эры неразважнасьці, якая прычыніла шкоду шматлікім амэрыканцам».

Імкнучыся падкрэсьліць кантраст паміж ім і ягонымі рэспубліканскімі апанэнтамі, Абама паведаміў, што накіроўвае ў Кангрэс плян, які дасьць магчымасьць кожнаму адказнаму домаўладальніку эканоміць на гіпатэчных выплатах да 3 тысяч даляраў за год — дзякуючы скарыстаньню найніжэйшых ставак рэфінансаваньня ў гісторыі.

Пры гэтым прэзыдэнт ЗША выказаў упэўненасьць, што ў краіне ня будзе вяртаньня да пэрыяду эканомікі, «аслабленай кепскімі крэдытамі і фальшывымі фінансавымі прыбыткамі».

Абама таксама заклікаў кангрэс распрацаваць законапраект, які дазволіць замежнікам, што прыносяць карысьць Злучаным Штатам, «зарабіць» амэрыканскае грамадзянства:

«Калі перадвыбарны год не дазваляе кангрэсу працаваць над усёабдымным плянам, давайце прынамсі дамовімся, што перастанем высылаць адказных маладых людзей, якія хочуць працаваць у нашых лябараторыях, пачаць тут свой новы бізнэс або абараняць гэтую краіну. Дайце мне закон, які дасьць ім шанц зарабіць грамадзянства. І я яго падпішу неадкладна».

Кангрэс павінен зрабіць усё, каб ніводная краіна ня мела пераваг перад амэрыканскімі вытворцамі...
Сярод іншых эканамічных ініцыятываў прэзыдэнта Абамы прагучаў і тэзіс аб неабходнасьці дазволіць здабычу на больш чым 75% нафтавых і газавых радовішчаў на амэрыканскім шэльфе. Гэта, паводле Абамавых словаў, дасьць магчымасьць зьнізіць залежнасьць ЗША ад замежных энэргарэсурсаў і павялічыць колькасьць працоўных месцаў у краіне.

«Кангрэс павінен зрабіць усё, каб ніводная краіна ня мела пераваг перад амэрыканскімі вытворцамі, калі гаворка ідзе аб доступе да фінансавых ці новых рынкаў накшталт Расеі. Нашыя работнікі — самыя эфэктыўныя на зямлі, і я абяцаю вам — Амэрыка заўжды будзе перамагаць», — заявіў Барак Абама.

Закрануўшы пытаньні міжнароднай палітыкі, прэзыдэнт ЗША павітаў загубу лібійскага дыктатара Муамара Кадафі і папярэдзіў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада пра тое, што дні яго рэжыму палічаныя:

«Я не сумняюся ў тым, што рэжым Асада хутка пераканаецца: сілы, якія патрабуюць пераменаў, немагчыма перамагчы. Як менавіта адбудуцца гэтыя зьмены, пакуль што няясна, але ў нас няма сумненьняў, што гэта адбудзецца. Толькі людзі, якія жывуць у рэгіёне, маюць права вызначаць уласны лёс, а мы ў сваю чаргу зробім усё, каб абараніць базавыя каштоўнасьці, якія служаць і нашай краіне».

Усе тыя, хто заяўляе, што Амэрыка перажывае заняпад, што наш уплыў зьніжаецца, ня ведаюць, пра што гавораць...
Абама заявіў, што Вашынгтон і надалей будзе падтрымліваць ідэалы падзеяў «арабскай вясны». Аднак асноўную ўвагу ў міжнароднай палітыцы амэрыканскі прэзыдэнт усё ж аддаў Ірану. Паводле Абамы, ЗША гатовыя любымі сродкамі прадухіліць распрацоўваньне Іранам ядзернай зброі і працягнуць чыніць ціск на ўрад гэтай краіны, узмацняючы санкцыі. Пры гэтым прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што праблему яшчэ можна вырашыць мірным шляхам, і менавіта гэтае рашэньне ён лічыць прыярытэтным.

Разважаючы аб месцы ЗША на міжнароднай арэне, Абама заявіў, што ўсе размовы аб аслабленьні ўплыву Злучаных Штатаў у сьвеце пазбаўленыя падставаў:

«Адраджэньне амэрыканскага лідэрства адчуваецца ўва ўсім сьвеце. Нашыя найстарэйшыя альянсы ў Эўропе і Азіі ніколі не былі больш трывалымі. Мы ясна далі зразумець, што Амэрыка — гэта ціхаакіянская дзяржава. Усе тыя, хто цьвердзіць адваротнае, усе тыя, хто заяўляе, што Амэрыка перажывае заняпад, што наш уплыў зьніжаецца, ня ведаюць, пра што гавораць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG