Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады на Віцебшчыне ігнаруюць заяўкі пікетоўцаў


Прадстаўнікі партыі левых «Справядлівы сьвет» падалі 7 заявак на пікеты. Адказ, і то адмоўны, атрымалі ўсяго на адну.

Мэта пікетаў, заплянаваных на 28 студзеня, — гэта грамадзкі пратэст супраць пагаршэньня эканамічнага становішча насельніцтва, росту беднасьці і галечы.

«Атрыманы адказ толькі зь Першамайскай раённай адміністрацыі Віцебску. Нам напісалі, што ў афіцыйна вызначаным для масавых мерапрыемстваў парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ акурат 28 студзеня будзе праходзіць дзіцячае сьвята. Адпаведна, для пікету месца няма. А вось з адміністрацыяў Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў адказаў мы не атрымалі ўвогуле, хоць нам мусілі даць іх не пазьней як за 5 дзён да даты меркаваных імпрэзаў», — паведаміў кіраўнік абласной арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка.

Першы сакратар Аршанскага гаркаму Мікалай Дзямідаў таксама зазначыў, што да 25 студзеня адказаў з гарвыканкаму партыйцы не атрымалі:

«Пікеты мы зьбіраліся правесьці на гарадзкім стадыёне па вул. Леніна і ў Прыдняпроўскім парку. Менавіта гэтыя месцы вызначаныя гарвыканкамам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. І, хоць рашэньне гэтае прынятае яшчэ ў 2007 годзе, з тае пары аршанскія ўлады не далі ніводнай згоды на правядзеньне пікету, мітынгу ці вулічнага шэсьця. Гэтым разам нам не адказалі ўвогуле, хоць прамінулі ўсе прадугледжаныя заканадаўствам тэрміны. Таму мы будзем пісаць скаргу ў пракуратуру».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG