Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар «Пінскдрэву» купляў абсталяваньне праз дачку


Ларан Арыніч

Ларан Арыніч

Падчас суду за выбух на «Пінскдрэве» высьветлілася, што некаторае абсталяваньне былы генэральны дырэктар Ларан Арыніч купляў у нямецкай фірмы, беларускае прадстаўніцтва якой узначальвала яго дачка.

Дачка Арыніча ў той час загадвала беларускім прадстаўніцтвам нямецкай фірмы «Munch Edestahl GmbH». У выніку тэндэру было прынятае рашэньне купляць абсталяваньне для другой лініі па вытворчасьці паліўных гранул менавіта ў гэтай фірмы.

Аднак на судзе дачку Арыніча не дапытвалі, бо яна за мяжой. Сам былы генэральны дырэктар таксама не зьявіўся ў судзе. Ларан Арыніч выехаў за мяжу і абвешчаны ў вышук.

Выязная калегія Берасьцейскага абласнога суду разглядае датычнасьць да трагедыі на «Пінскдрэве» былога галоўнага інжынэра «Пінскдрэва» Ўладзімера Шастакова, дырэктара заводу «Пінскдрэў-ДСП» Леаніда Логвіна і галоўнага інжынэра «Пінскдрэў-ДСП» Ігара Логвіна.

Леанід Логвін абвінавачваецца ў службовай халатнасьці, Уладзімер Шастакоў і Ігар Логвін — у парушэньні пажарнай бясьпекі, што пацягнула за сабой гібель людзей і матэрыяльную шкоду прадпрыемству ў асабліва буйным памеры.

Тым часам пацярпелыя выказваюць у судзе розныя меркаваньні. Шмат хто лічыць, што галоўную віну павінен несьці генэральны дырэктар, які ўцёк за мяжу. Тым часам у дачыненьні да прадпрыемства выстаўленыя пазовы на розныя сумы ад некалькіх мільёнаў да мільярда рублёў.

Выбух на заводзе ДСП здарылася 25 кастрычніка 2010 году. Два рабочыя загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ад ранаў у лякарнях Пінску, Берасьця і Менску. Пяцёра засталіся калекамі.

Выбуховая хваля разбурыла цэх па вытворчасьці драўнянастружкавых плітаў. Шкода ацэнена на 3 мільярды 949 мільёнаў рублёў, што ў даляравым эквіваленце на момант аварыі склала 1,2 мільёна. Паводле пракуратуры, асноўнай прычынай аварыі сталіся парушэньні рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняных паліўных гранулаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG