Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі камісар па пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле сустрэўся з намесьнікам старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцінам Стэфановічам, каб абмеркаваць становішча праваабаронцаў у Беларусі.

Фюле яшчэ раз выказаў падтрымку мужнай працы праваабаронцаў Беларусі.

Эўракамісар камісар выказаў занепакоенасьць з нагоды палітычна матываваных перасьледаў Праваабарончага цэнтра «Вясна», паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі.

Сустрэча адбылася адразу пасьля таго, як Менскі гарадзкі суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу старшыні «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на свае рахункі, выдаткоўваў на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Бяляцкі знаходзіцца ў жодзінскай турме.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG