Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы на сваёй зімовай сэсіі ў Страсбуры прыняла рэзалюцыю аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У рэзалюцыі прапанавана не аднаўляць кантакты ПАРЭ зь беларускімі ўладамі на высокім узроўні да таго часу, пакуль у краіне ня будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне. Да гэтага ж моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртаньне Нацыянальнаму сходу статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да дзяржаваў-сябраў РЭ "далучыцца да рэжыму адрасных санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да Беларусі да тых часоў, пакуль ня будуць вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя ўсе палітзьняволеныя".

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавала 111 парлямэнтароў, супраць - 10, устрымаліся 6.

Адкрыў сэсію адмысловы дакладчык ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі, эстонскі парлямэнтар Андрэс Хэркель.

Галоўная выснова справаздачы А.Хэркеля – сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, асабліва пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сьнежня 2010 году. А.Хэркель заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць і рэабілітаваць палітзьняволеных.

А.Хэркель выступіў за адрасныя санкцыі супраць беларускіх уладаў пакуль палітвязьні ня будуць вызваленыя. Ён адзначыў дзейснасьць амэрыканскіх санкцыяў супраць беларускіх дзяржаўных кампаніяў. Нельга здрадзіць беларускаму народу з-за сваіх эканамічных інтарэсаў, зазначыў ён.

Судакладчыца Марылюіз Бэк падтрымала справаздачу Хэркеля. Яна падкрэсьліла, што Беларусь належыць да сям'і эўрапейскіх народаў, але захаваньне сьмяротнага пакараньня пакідае яе па-за Эўропай. Эўропа мусіць запрасіць Беларусь вярнуцца ў эўрапейскую сям'ю народаў і абвясьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне.Яна згадала пра справу аб тэракце ў Менску і адзначыла мноства няяснасьцяў у гэтай справе і заклікала расейскіх калегаў ужыць свае магчымасьці ўплыву на беларускія ўлады.

Справаздачу А.Хэркеля падтрымалі прадстаўнікі ўсіх фракцыяў ПАРЭ - Эўрапейскай народнай партыі, Альянсу лібэралаў і дэмакратаў, сацыялісты, Эўрапейскай групы дэмакратаў, Аб'яднаных эўрапейскіх левых.

Супраць справаздачы выступілі толькі прадстаўнікі Расеі Валеры Фёдараў (ЭГД), Леанід Слуцкі, Сьвятлана Гарачова (сацыялісты), Сяргей Сабко (аб'яднаныя левыя).

Прадстаўнік Польшчы Анджэй Галіцкі (Эўрапейская народная партыя) выступіў з ініцыятывай падтрымаць прапанову аб вылучэньні Алеся Бяляцкага на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру.

У заключным слове М.Бэк нагадала, што згаданыя ў справаздачы Пургурыдэса 2004 году зьніклыя дагэтуль ня знойдзеныя і што паводле ўсіх расьсьледаваньняў сьляды гэтых справаў вядуць да беларускіх уладаў. А,Хэркель зноў падкрэсьліў, што адрасныя санкцыі скіраваныя не на народ Беларусі, як цьвердзілі прадстаўнікі Расеі, а на тых, хто яго ўціскае. Ён падтрымаў прапановы аб ужываньні да беларускіх уладаў ня толькі палітычныя і эканамічныя, але і маральныя санкцыі, датычныя, напрыклад, спорту, конкурсу Эўравізіі.

***

Папярэднія слуханьні па сытуацыі ў Беларусі прайшлі ў палітычным камітэце ПАРЭ 23 студзеня.

У іх удзельнічалі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі — старшыня АГП Анатоль Лябедзька, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і сябра кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута. Таксама перад прысутнымі выступіла Любоў Кавалёва, маці Ўладзіслава Кавалёва, асуджанага да сьмяротнага пакараньня.

Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы. Статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ беларускі парлямэнт страціў 13 студзеня 1997 г.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG