Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Сочы: лыжы і Мядзьведзеў


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота.
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сумяшчае знаходжаньне ў Сочы з кароткатэрміновым адпачынкам.

Тут ён сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Заплянаваныя сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі палітычных і дзелавых колаў Расеі.

Падчас гутаркі зь Мядзьведзевым, як паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі, абмеркаваныя пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва, у тым ліку двухбаковых гандлёва-эканамічных стасункаў, умацаваньня саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, разьвіцьця ўзаемадзеяньня ў рамках адзінай эканамічнай прасторы, сумеснага рэагаваньня на сучасныя выклікі і пагрозы, а таксама іншая актуальная праблематыка двухбаковага і міжнароднага парадку дня.

На афіцыйным сайце прэзыдэнта Расеі нічога пра сустрэчу Мядзьведзева з Лукашэнкам не паведамляецца.

Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі расказаў карэспандэнту «Свабоды», што візыт гэты працоўны, а сустрэча зь Мядзьведзевым мела нефармальны характар:

«Заўтра-пасьлязаўтра кіраўнік краіны будзе знаходзіцца там. Сёньня ў навінах можна будзе паглядзець тэлерэпартаж. Нешта трапіла ў кадар, а нешта ня трапіла. Значная частка кантактаў адбываецца па-за кадрам. Ёсьць цэлы шэраг пытаньняў, якія неабходна абмеркаваць».

Таксама Лёгкі адзначыў, што кіраўнік краіны любіць спартовы лад правядзеньня адпачынку і што, хутчэй за ўсё, тамсама адпачывае і Мікалай Лукашэнка.

Чым магла быць выкліканая сустрэча Лукашэнкі зь Мядзьведзевым? Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, пра гэта можна толькі гадаць: магчыма, дзеля піяру, бо толькі беларуская прэсавая служба паведаміла пра гэта:

«У любым выпадку Мядзьведзеў сёньня нічога практычна ў Расеі не вырашае. Гэта такая клясычная „кульгавая качка“. І заўтра Лукашэнку давядзецца ўсе пытаньні вырашаць з Пуціным. А дэ-факта і сёньня Пуцін трымае сытуацыю ў кулаку. Таму трэба беларускаму афіцыйнаму лідэру рыхтавацца да вяртаньня свайго заклятага сябра ў Крэмль».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG