Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч выйшаў з карцэру, ад Лобава няма вестак


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч 24 студзеня выйшаў з карцэру Магілёўскай турмы, дзе прабыў 10 дзён. З палітвязьнем сустрэўся адвакат.

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч: «Ну як Мікола можа трымацца — нармальна трымаецца, мужна, бадзёра. З карцэру яго выпусьцілі, але ў камэру яшчэ не пасялілі, так што пакуль паміж карцэрам і камэрай… Я была ў начальніка турмы, ён пацьвердзіў тое самае, што ў паперцы прыслалі: што строгі рэжым як мінімум на паўгода. Але для мяне галоўнае, што ён з карцэру выйшаў. Сёньня на ноч, я спадзяюся, ён туды не пасьпее патрапіць».

Маці Эдуарда Лобава, які адбывае 4-гадовае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі, спадарыня Марына ўстрывожаная: ад сына тры тыдні няма ніякіх вестак:

«Нічога, ні тэлефанаваньняў, ні лістоў — нічога! Лістоў няма з 3 студзеня, 7 студзеня быў апошні званок. У сьнежні ён тэлефанаваў рэгулярна — дазволена 3 тэлефанаваньні, 3 разы ён і званіў. А ў гэтым месяцы толькі адзін раз патэлефанаваў, а месяц ужо падыходзіць да канца».

Спадарыня Валянціна, маці анархіста Ігара Аліневіча, які адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, зьбірае перадачу і распавядае пра апошні ліст ад сына:

«Піша, што вельмі шмат прыйшло віншаваньняў з Новым годам і ён сябе няёмка адчувае, бо ніякі не герой. Не тэлефануе — не даюць тэлефанаваць проста. У сераду едзем перадачу адвозіць, дык цэлую раніцу з мужам узважвалі, аптымізавалі, так бы мовіць, каб было нешта карыснае для арганізму. Бо наступная перадача толькі ў траўні будзе».
XS
SM
MD
LG