Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пікет супраць зьбядненьня ў Пінску забаранілі


У Пінску забаранілі пікет супраць зьбядненьня народу, заяўку на які падаваў сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Міхал Раманцаў.

Падставай для забароны пікету, які плянаваўся на 28 студзеня, стала тое, што заяўнік меркаваў правесьці яго ў месцы, якое ўлады ня вызначылі для масавых мерапрыемстваў. Міхал Раманцаў кажа, што заяўка знарок падавалася на ажыўленае месца. Актывіст кажа, што праводзіць яго па-за ўвагай людзей ня мае сэнсу:

«Пікет мы плянавалі супраць зьбядненьня насельніцтва. Рост цэнаў, інфляцыя, а дзяржава практычна ня робіць нічога, каб зьмяніць гэтую сытуацыю. Такую тэму мы ўзьнялі і спрабавалі пратэставаць празь пікет. Але ў нас месцы вызначаныя — два стадыёны і летняя эстрада ў гарадзкім парку. А мы заяўку падалі ў люднае месца каля цэнтральнага рынку. Таму нам і забаранілі — што гэтае месца не прадугледжана рашэньнем выканкаму. І папярэдзілі пра адказнасьць за правядзеньне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».

Плянавалася, што ў пікеце возьме ўдзел каля 30 чалавек. Спадар Раманцаў кажа, што ня бачыць сэнсу і ў абскарджваньні гэтай забароны. Ён тлумачыць, што гэта толькі забірае час і фінансы.

А вось у Баранавічах заяўнік такога ж пікету на той жа дзень — Віктар Цяпін — яшчэ не атрымаў адказу на сваю заяўку. Кіраўнік баранавіцкай гарадзкой арганізацыі «Справядлівага сьвету» падаваў заяўку на падобны сацыяльны пікет у дазволеным месцы — у Старым парку. Аднак спадар Цяпін кажа, што чыноўнікі позьняцца з адказам:

«Адказ павінен быць ня менш як за 5 дзён да заяўленай акцыі. Аднак чыноўнікі прыдумалі хітры спосаб абысьці закон. Яны дасылаюць адказ пазьней, але ставяць ранейшую дату. І ніякі суд потым іх за гэта не пакарае. Ужо былі прэцэдэнты».
XS
SM
MD
LG