Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Саньнікавым сустрэліся жонка і маці


 Фота Юліі Дарашкевіч. Экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў падчас суду над ім. 2011 год.

Фота Юліі Дарашкевіч. Экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў падчас суду над ім. 2011 год.

24 студзеня раніцай Ірына Халіп і Ала Саньнікава выправіліся зь Менску ў Віцебск, дзе спадзяваліся атрымаць кароткатэрміновае спатканьне з палітвязьнем Андрэем Саньнікавым.

Паводле парадкаў калёніі, спатканьне магчымае адразу з двума роднымі.

Ірына Халіп сабрала цёплае адзеньне, іншыя рэчы, неабходныя мужу. Спатканьне кіраўніцтва калёніі сапраўды дазволіла. І доўжылася яно каля дзьвюх гадзінаў.

А 17-й гадзіне жанчыны выйшлі з калёніі. Маці Саньнікава Ала Ўладзімераўна не хавае сьлёз:

«Не магу зараз гаварыць… Спатканьне дазволілі. Мы яго бачылі…»

Ірына Халіп трымаецца мужна. Што да сьлёз Алы Ўладзімераўны, Ірына кажа:

«Маці ня бачыла свайго сына са жніўня, і тады ён яшчэ пры барадзе быў. Зараз убачыла і без барады, паголенага, і ў робе турэмнай, зь біркай на грудзях: „Саньнікаў, 7 атрад“, змучанага. Вядома ж, маці будзе рыдаць».

Карэспандэнтка: «А як Андрэй трымаецца?»

«Імкнецца трымацца бадзёра. Спатканьне доўжылася дзьве гадзіны, праз шкло і пад поўным кантролем. Па-першае, там наагул няма ніякай ізаляцыі. Такое ўражаньне, што ўсё, што ты кажаш, разносіцца па ўсёй турме, там кабінкі не аддзеленыя… А ўсё астатняе я скажу заўтра».

25 студзеня Ірына Халіп мае намер правесьці прэсавую канфэрэнцыю і распавесьці пра сустрэчу з мужам больш падрабязна.
XS
SM
MD
LG