Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыя выказала гатовасьць набыць акцыі «Беларуськалію»


Пасол Індыі Маноджа Кумар Бхарты 24 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паведаміў, што Індыя выказала гатовасьць набыць акцыі ААТ «Беларуськалій», справа застаецца за ўрадам Беларусі, піша БелаПАН.

«Перамовы паміж бакамі працягваюцца, рашэньне пакуль не прынята», — рэзюмаваў ён.

Бхарты заявіў, што індыйскія прыватныя кампаніі зацікаўлены інвэставаць у розныя галіны беларускай эканомікі. Аб’ёмы інвэстыцый залежаць ад магчымасьцяў і жаданьня індыйскіх інвэстараў, дадаў пасол.

«Галоўнай рухаючай сілай у разьвіцьці супрацоўніцтва выступае цікавасьць у абодвух бакоў — цяпер гэтая цікавасьць невялікая. У асноўным з-за недахопу інфармацыі, трэба запаўняць гэтыя прабелы», — адзначыў дыплямат.

Паводле яго слоў, падчас паездак па Беларусі ён наведаў мноства прадпрыемстваў, якія маюць патрэбу ў мадэрнізацыі, у якой ім маглі б дапамагчы прыватныя індыйскія інвэстары.

Летась у кастрычніку паведамлялася, што Індыя мае «права першай рукі» ў набыцьці пакету акцыяў «Беларуськалію».
XS
SM
MD
LG