Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьветлагорцы супраць новай хімічнай вытворчасьці


У Сьветлагорску на базе акцыянэрнага таварыства «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» зьбіраюцца будаваць завод па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы.

Многія гараджане занепакоены магчымымі экалягічнымі наступствамі гэтага аб’екта. Каб заспакоіць грамадзкую думку, 23 студзеня мясцовыя ўлады склікалі сход грамадзкасьці.

Тры з паловай гадзіны цягнуўся вечаровы сход у гарадзкім цэнтры культуры.

Нягледзячы на прысутнасьць блізу 400 гараджанаў, ніякай рэзалюцыі на сходзе не прынялі. Гэтаму працівіліся, у прыватнасьці, вядоўцы — намесьнікі старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму Сяргей Мяркулаў і Ўладзімер Тапленкін.

Апавядае ўдзельнік сходу Віктар Раманішка: «Хутчэй за ўсё, сход сабралі дзеля таго, каб пару выпусьціць і цішком будаваць завод. Але сход пайшоў не зусім па іхнім сцэнары. Добрую прапанову зрабілі — прагаласаваць: з улікам цяперашняй экалягічнай сытуацыі ў горадзе адмовіцца ад будоўлі гэтага прадпрыемства. Выканкамаўцы спужаліся й пачалі адгаворваць людзей ад галасаваньня. Маўляў, сход не правамоцны, мы сабраліся толькі, каб абмеркаваць».
Хутчэй за ўсё, сход сабралі дзеля таго, каб пару выпусьціць і цішком будаваць завод.

Прысутная на сходзе прадстаўніца Орхускага цэнтру ў Беларусі Вольга Захарава трымалася іншай думкі: галасаваньне ня толькі мэтазгоднае, але й карыснае.

Увогуле гараджане на сходзе адназначна выказваліся супраць будоўлі заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы на пляцоўцы між горадам і прыгараднай вёскай Якімава Слабада, дзе разьмешчана й Сьветлагорская гароднінная фабрыка.

Падтрымлівалі будоўлю найперш прадстаўнікі цэлюлёзна-кардоннага камбінату й таго ж навукова-дасьледчага цэнтру «Экалёгія», спэцыялісты якога пераконваюць сьветлагорцаў у бясшкоднасьці новай вытворчасьці. Пры гэтым яны прапануюць выселіць частку дамоў зь Якімавай Слабады, а таксама перанесьці ў іншае месца гароднінную фабрыку.

Удзельнік сходу, вядомы ў горадзе грамадзкі актывіст Тэльман Масьлюкоў заўважае, што прадстаўленая Аляксандрам Дзямідавым справаздача «БелНДЦ «Экалёгія» мае даволі абцякальныя фармулёўкі — новая вытворчасьць нібыта не ўскладніць экалягічную сытуацыю. Але нават у гэтай справаздачы спэцыялісты «Экалёгіі» падаюць даволі трывожныя лічбы, якія характарызуюць цяперашні стан вакол пляцоўкі, дзе мяркуецца будаваць завод беленай цэлюлёзы:

«Дапусьцім, па серавадародзе на ўскрайку вёскі Якімава Слабада ўжо цяпер перавышэньне мяжы дапушчальнай канцэнтрацыі ў 2,4 раза, па серавугляродзе — 4,9 раза. Па іншых групах шкодных рэчываў — аміяку, фармальдэгідзе, дыяксідзе серы, дыніле — супольнае перавышэньне ў 2,8 раза. То бок ужо зараз такі экалягічны малюнак прысутнічае ў згаданай справаздачы».

Новы завод, як лічаць сьветлагорцы, да выкідаў цэлюлёзна-кардоннага камбінату, ТЭЦ, «Хімвалакна» дадасьць шкодныя злучэньні хлёру.

Удзельнік сходу Анатоль Зьмітровіч зьвяртае ўвагу на тое, што ва ўказе кіраўніка дзяржава наконт неабходнасьці стварэньня ў краіне вытворчасьці беленай цэлюлёзы нічога не сказана пра канкрэтнае месца разьмяшчэньня:
У горадзе й без таго дастаткова вытворчасьцяў са шкоднымі выкідамі.

«Ва ўказе прэзыдэнта ня вызначана пляцоўка для будоўлі. Там толькі ставіцца пытаньне пра мэтазгоднасьць такой вытворчасьці. Трэба ўлічваць яе замкнуты цыкл. І гэтую вытворчасьць можна пабудаваць у любым прыдатным месцы. Яна не завязаная з пляцоўкай цэлюлёзна-кардоннага камбінату, які ёсьць у Сьветлагорску. У горадзе й без таго дастаткова вытворчасьцяў са шкоднымі выкідамі».

Паколькі раённыя ўлады, па сутнасьці, не далі сходу прыняць рэзалюцыю й не падтрымалі прапанову правесьці гарадзкі рэфэрэндум, гараджане вырашылі стварыць грамадзкую камісію, каб адстойваць сваё права жыць у экалягічна бясьпечных умовах.

Тым часам на будоўлю вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы Беларусь зьбіраецца прыцягнуць крэдыт Экспартна-імпартнага банку Кітаю ў памеры 654 мільёны даляраў.
XS
SM
MD
LG