Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнія дні з продажу ў рэгіёнах зьнікае таннае малако. Мясцовыя жыхары лічаць, што галоўная прычны — у масавым бескантрольным вывазе малочнай прадукцыі ў Расею, дзе закупныя цэны удвая вышэйшыя. Заводы і нават калгасы вывозяць туды малако, каб зарабіць валюту.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Тэлефануйце хоць прэзыдэнту...»

І крамнікі, і пакупнікі на Гарадзеншчыне лічаць, што малочныя прадпрыемствы знарок не вырабляюць малако тлустасьцю да 3,5%, бо яно ў два разы таньнейшае, чым тое, тлустасьць якога пачынаецца з 3.6%.

У вялікіх гарадзенскіх крамах кшталту «Эўраопту» малако да 3,5% тлустасьці, якое каштуе трохі болей за дзьве тысячы, наагул не прадаецца. У астатніх крамах таннае малако ў горадзе можна набыць толькі зранку, адразу прывозу.

«Малаказаводы змушаюць крамы прадаваць дарагое малако»


Вось што распавядае гарадзенская прадавачка, спадарыня Галіна:


«Крамы прымушаюць браць дарагое малако, малаказавод прымушае. Гандляры ўвесь час лаюцца з кіроўцамі, маўляў, навошта вы прывозіце такое малако, калі мы яго не заказвалі? А тыя адказваюць, што ў іх накладная — і забірайце, а не — тэлефануйце хоць дырэктару, хоць прэзыдэнту. А людзі ня хочуць купляць гэтае малако.


На гарадзенскім прадпрыемстве «Малочны сьвет» праблему тлумачаць тым, што, маўляў, з Горадні адышлі многія пастаўшчыкі, якія складалі канкурэнцыю іхнаму прадпрыемству. І наагул вытворцы малака прапануюць пакупнікам шукаць таннае малако ня толькі ў сваёй краме.


Таньнейшае малако можна набыць толькі раніцай


У Смаргонскім і Астравецкім раёнах малако надалей пастаўляецца з розных прадпрыемстваў. Але таннае малако можна набыць толькі з раніцы, калі яго завозяць у краму. Вось які малюнак назірае кожную раніцу ў астравецкіх крамах мясцовы актывіст Іван Крук.


У крамах узьнікаюць валтузьня й сваркі...

Крук: «Людзі хочуць набыць таньнейшае малако за 2 тысячы, і ў выніку атрымліваецца ў краме цэлая валтузьня, абураюцца і да т. п.».

У Смаргоні пакупнікі зьвяртаюць увагу на тое, што іхні малочны завод яўна пачаў выпускаць меней таннага малака, бо нават у спэцыялізаванай краме прадпрыемства ўвечары застаецца толькі дарагое. Вось што кажа адзін з пакупнікоў:

«Гэта робіцца наўмысна, каб мець большыя прыбыткі...»


Спадар: «Магчыма, гэта наўмысна робіцца, каб мець большыя даходы на карысьць заводу. Недарэмна ж яны дадалі толькі адну дзясятую тлустасьці, а цану паднялі ў два з паловай разы».


Падобная сытуацыя з танным малаком ва ўсіх раёнах вобласьці.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

У рэгіёне ўводзяцца абмежаваньні, якія выдаюць за рэкамэндацыі...

Каб прадухіліць масавы вываз прадукцыі ў Расею, на Магілёўшчыне ўведзеныя абмежаваньні на продаж сыроў, масла, тварагу, кефіру, сьмятаны ды малака.

Як вынікае з пастановы ўпраўленьня гандлю аблвыканкаму, некаторыя кіраўнікі гандлёвых арганізацыяў вобласьці самі папрасілі ўвесьці абмежаваньні. Ва ўпраўленьні ж тыя абмежаваньні называюць рэкамэндацыямі.

практычна ўсе беларускія вытворцы імкнуцца самі вывозіць малако ў Расею. Усе цяпер вывозяць малако, а таксама мяса й цьвёрдыя сыры

«Для таго, каб гандлёвыя арганізацыі змаглі вытрымаць увесь асартымэнт тавару на працягу працоўнага дня, далі рэкамэндацыі, што яны могуць уводзіць абмежаваньні, калі назіраюцца масавыя скупкі. Фізычныя асобы абмежаваньняў, нават калі яны дзе й уведзеныя, нават не заўважаць», — тлумачыць супрацоўніца ўпраўленьня.

Мясцовыя пакупнікі мусяць тлумачыць, нашто ім столькі малочных прадуктаў

Калі пакупнік наважыцца набыць пяць літраў малака, ці тры — сьмятаны, альбо два кіляграмы сыру, ці па тры — тварагу ды масла, то гэта мусіць насьцярожыць прадаўцоў. Пакупнік павінен патлумачыць, нашто яму столькі тавару.

Знайсьці краму, дзе прасілі чыноўнікаў увесьці абмежаваньні на продаж харчоў, не ўдалося. Гандляры на такое пытаньне толькі ўсьміхаліся. А што пакупнікі?


Спадарыня сталага веку: «Вось іду і абураюся. Менш трэба даваць пачак у рукі. Вось цяпер зайшоў у краму мужчына і ўзяў адразу дзесяць пачак. Пра тварог ідзе гаворка. А я ўзяла толькі адну».


Спадарыня сталага веку: «Я ніколі ў такой колькасьці нічога ня брала, але мне здаецца, што чалавека нельга ні ў чым абмяжоўваць — мала якія абставіны ў жыцьці бываюць. Іншая справа, што вывозіць ня трэба».


Маладая спадарыня: «Калі там карыстаецца тавар попытам, чаму б яго туды ня вывезьці? Нешта мы ім, нешта яны нам. Грошы ж трэба зарабляць. Павінен жа ў эканоміку ісьці нейкі даход».


Паводле афіцыйнай інфармацыі, ажыятаж на прадукты харчаваньня ў рэгіёне даўно зьнік. Крамы забясьпечаныя таварам. Малочныя камбінаты атрымліваюць узнагароды за дасягненьні ў вырабе прадукцыі. І раптам — абмежаваньні, якія называюцца рэкамэндацыямі.

МЕНШЧЫНА


«Як жывеш ля крамы, то малачко можна яшчэ захапіць»

У сталічным рэгіёне малако цяпер зьнікае з продажу як у Менску, так і ў сельскай мясцовасьці, хоць, паводле афіцыйных справаздач, пагалоўе малочнага статку захоўваецца на ранейшым узроўні — больш за 280 тысяч. Таксама, паводле афіцыйных дадзеных, не зьмяншаецца сёлета колькасьць малака, закупленага з асабістых падворкаў. Аднак зь сярэдзіны студзеня няспынна назіраюцца праблемы.

Гутару з жыхаркай вёскі Несьцяркі Галінай Мазур. Сталая жанчына кажа, што ўжо ня мае сілы трымаць на сваім падворку кароўку. Цяпер штодня пільнуе, калі малако завязуць у тутэйшую краму. Жанчына жаліцца:

«Раней малачко тут капейкі каштавала, а зараз — дарагавата: паўлітра малака ў бутэльцы — амаль чатыры тысячы рублёў. Калі такое ж малако ў пакеце, то тры тысячы...»


Карэспандэнт: «Але ж вы кажаце, што таньнейшае малако не заўсёды можна купіць?»


Мазур: «Гэта так. Але як жывеш бліжэй да крамы, то яшчэ можна захапіць гэтае таньнейшае малачко...»



Экспэрт Анатоль Гуляеў: «Вывозіць харчы ў Расею выгадна: там кошты вышэйшыя»


Прычыны цяперашняга дэфіцыту малака ў беларускім гандлі вывучае беларускі экспэрт, журналіст расейскай газэты «Сельская жизнь» Анатоль Гуляеў. Яго цьвёрдае перакананьне — што вывозіць малако зь Беларусі змушае вытворцаў эканамічная сытуацыя:

Гуляеў: «Канечне, вывозіць малако і малочныя прадукты выгадна, бо ў Расеі цэны вышэйшыя, а ў Беларусі цэны на сацыяльна значныя тавары рэгулюе дзяржава. Цяперашняе кіраўніцтва лічыць гэта нават сваім здабыткам. Хаця ў сапраўднасьці ў Беларусі заробкі маленькія і грошай цяпер не хапае нават на прадукты. Чыноўнікі ж у гэтай сытуацыі лічаць правільным рэгуляваць кошты. А ёсьць жа малаказаводы, якім трэба зарабляць грошы. Таму практычна ўсе беларускія вытворцы імкнуцца самі вывозіць малако ў Расею. Усе цяпер вывозяць малако, а таксама мяса й цьвёрдыя сыры...»

XS
SM
MD
LG