Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксашанка: Лёс крэдыту ЭўрАзЭС для Беларусі залежыць ад Крамля


Міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец заявіў, што Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС у лютым разгледзіць пытаньне аб выдзяленьні Менску трэцяга траншу стабілізацыйнага крэдыту.

Усяго цягам 2012 году беларускі бок спадзяецца атрымаць больш за 800 мільёнаў даляраў на дадатак да ўжо атрыманых 1 мільярда 240 мільёнаў. Між тым прадстаўнікі Эўразійскага банку разьвіцьця лічаць аптымізм беларускіх чыноўнікаў дачасным, а галоўнай перашкодай называюць невыкананьне ўладамі Беларусі абавязаньняў зьнізіць узровень фінансаваньня дзяржаўных праграмаў з эмісійных крыніцаў.

Кіраўнік фінансавага ведамства Андрэй Харкавец лічыць, што беларускі бок забясьпечыў выкананьне амаль усіх паказьнікаў, ёсьць толькі асобныя элемэнты, якія патрабуюць карэкцыі, але тэхнічна яны не перашкаджаюць атрымаць чарговую частку ўхваленага летась 3-мільярднага крэдыту. Чыноўнік разьлічвае, што ўжо ў наступным месяцы рада Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС разгледзіць пытаньне на карысьць Беларусі.

Аднак намесьнік старшыні праўленьня Эўразійскага банку разьвіцьця Сяргей Шаталаў у інтэрвію расейскім СМІ ўдакладніў: зь Менскам пакуль вядуцца толькі тэхнічныя кансультацыі адносна трэцяга траншу крэдыту, а пра нейкі графік пералічэньня сродкаў гаворка не ідзе. Гэта пацьвердзілі і ў маскоўскай штаб-кватэры Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС:

«Мы гэтым пытаньнем яшчэ толькі займаемся, таму на гэты момант нічога пэўнага сказаць нельга...»

Разам з тым экспэрты фонду наракаюць на марудныя тэмпы рэформаў у беларускай эканоміцы. Так, у рамках фінансаваньня дзяржаўных праграмаў надалей выдаюцца ільготныя крэдыты — тым часам як менавіта эмісійнае крэдытаваньне застаецца адной з асноўных прычын пагаршэньня дэфіцыту бягучых апэрацый і падставай да раскручваньня мэханізму інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў.

Нягледзячы на тое, што фармальна Антыкрызісны фонд фармуецца са сродкаў шасьці краін-удзельніц ЭўрАзЭС, больш чым на 90% — гэта грошы зь бюджэту Расейскай Фэдэрацыі. І, як кажа расейская эканамістка Ірына Ясіна, менавіта пазыцыя Крамля застаецца вырашальнай у справе фінансавай падтрымкі той ці іншай краіны. У дадзеным выпадку, на яе перакананьне, палітычны падтэкст традыцыйна пераважвае эканамічную патрэбу, паколькі ніякіх дывідэндаў ад укіданьня грошай у стратную эканоміку саюзьніка Масква ня мае:

Ірына Ясіна

Ірына Ясіна

«Безумоўна, як і ўва ўсіх іхніх бясконцых разборках, зразумець, дзе там якая лёгіка, а дзе проста карысьлівыя разьлікі, практычна немагчыма. То бок усе людзі, якія цьвяроза мысьляць, разумеюць, што ўва ўсім гэтым няма абсалютна ніякага чыста прагматычнага клопату пра людзей. Там калі і ёсьць нейкі клопат, то толькі пра ўласныя пасады, уласныя выгады і г.д. Разумееце, вакол усяго гэтага круцяцца выключна пытаньні палітыкі. Калі ваш „бацька“ і нашыя „тандэмшчыкі“ вырашаць, што гэта ім для чагосьці патрэбна, ну, значыць, так і будзе. Але эканамічна такое донарства Расеі, канечне, ня выгаднае».

Экс-намесьнік міністра фінансаў Расеі, былы намесьнік старшыні расейскага Цэнтрабанку Сяргей Аляксашанка таксама схільны лічыць, што стасункі Масквы і Менску грунтуюцца на кулюарных дамоўленасьцях паміж кіраўнікамі краінаў, а значыць, любыя эканамічныя пытаньні трэба разглядаць з гледзішча палітычнай каньюнктуры:

Сяргей Аляксашанка

Сяргей Аляксашанка

«Мне падаецца, што ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі ёсьць толькі палітыка, палітыка і яшчэ раз палітыка. А ўсё астатняе — гэта проста пабочны эфэкт».

Карэспандэнт: «Экспэрты лічаць крэдыт ЭўрАзЭС прынамсі больш-менш рэальным, бо МВФ увогуле замарозіў супрацоўніцтва зь Беларусьсю».

«Я не гатовы гаварыць, рэальны ўсё ж гэты крэдыт альбо маларэальны, таму што цяпер складана сказаць, у якой насамрэч стадыі знаходзяцца расейска-беларускія адносіны. А ў любых перамовах, зьвязаных з грашовай дапамогай, шмат і асабовага, шмат і зьмястоўнага, таму наўрад ці хоць адзін экспэрт прадкажа, чым усё скончыцца гэтым разам — рэальна атрымаць крэдыт ці нерэальна. Але зразумела, што, пры ўсёй павазе да Сяргея Шаталава, зусім ня ён будзе прымаць рашэньне пра выдачу альбо нявыдачу Беларусі гэтага крэдыту».

Пагадненьне паміж Беларусьсю і Эўразійскім банкам разьвіцьця аб крэдыце са сродкаў Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС падпісанае ў чэрвені 2011 году. Агульны аб’ём крэдыту — 3 мільярды даляраў, якія павінны паступіць на рахункі Нацыянальнага банку некалькімі траншамі цягам 2011— 2013 гадоў. Першыя 1 мільярд 240 мільёнаў даляраў Беларусь ужо атрымала летась. У 2012-м Менск разьлічвае яшчэ на два траншы па 440 мільёнаў даляраў кожны.
XS
SM
MD
LG