Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маці і жонка Андрэя Саньнікава спадзяюцца на спатканьне ў «Віцьбе-3»


24 студзеня раніцай Ірына Халіп і Ала Саньнікава выправіліся зь Менску ў Віцебск, дзе спадзяюцца атрымаць кароткатэрміновае спатканьне з палітвязьнем Андрэем Саньнікавым.

Паводле парадкаў калёніі, спатканьне магчымае адразу з двума роднымі. Ці атрымаюць яны спатканьне, пакуль невядома, гэта залежыць ад кіраўніцтва калёніі. Мабільныя тэлефоны жанчын пакуль адключаныя.

Ірына Халіп сабрала цёплае адзеньне, іншыя рэчы, неабходныя мужу. Прадуктовая перадача цяпер не дазволеная.

21 студзеня ўпершыню амаль за 3 месяцы Саньнікава наведала адвакатка Марына Кавалеўская. Яна і паведаміла пра магчымасьць кароткатэрміновага спатканьня з роднымі.

Пры канцы мінулага тыдня Саньнікава з памяшканьня камэрнага тыпу перавялі ў сёмы атрад калёніі. Цяпер ён можа хадзіць на прагулкі на сьвежае паветра і кантактаваць зь іншымі палітзьняволенымі.

14 траўня 2011 году суд Партызанскага раёну Менску прысудзіў Андрэю Саньнікаву пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году.

Ад ліпеня Саньнікаў адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку, аднак праз два месяцы яго без тлумачэньняў перавялі ў бабруйскую калёнію № 2. У лістападзе палітвязьня этапавалі ў «Віцьбу-3».
XS
SM
MD
LG