Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскі банк у Менску адключылі ад амэрыканскіх даляраў


Злучаныя Штаты Амэрыкі 23 студзеня ўвялі санкцыі супраць іранскага банку «Тэджарат». Яны распаўсюджваюцца і на менскую філію гэтага банку — «Банк гандлёвы капітал».

ЗША заяўляюць, што «санкцыі павінны ўзмацніць фінансавую ізаляцыю Ірану, абцяжарыць яму доступ да атрыманьня цьвёрдай валюты і фінансаваньне яго нелегальнай ядзернай праграмы».

«Банк гандлёвы капітал» заснаваны ў 2008 годзе. Спэцыялісты між сабою звычайна называюць яго іранскім банкам, паколькі асноўны яго акцыянэр — той жа тэгеранскі «Тэджарат», чыя доля складае 99,89% усяго капіталу.

«Наяўнасьць такіх банкаў таксама выгадная для Беларусі» — адзначае экс-галоўны банкір краіны Станіслаў Багданкевіч:

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Бо гэта прыток капіталу. Да таго ж дзейнічае і пэўная беларуская спэцыфіка. У нас фармальна не адкрываюцца філіялы замежных банкаў, а калі нешта адкрываецца, то гэтая структура набывае як бы статус самастойнага банку. А гэта азначае, што ўладальніку капіталу нельга яго выняць. Ён можа толькі прадаць яго іншаму ўладальніку. Карацей, гэта інвэстыцыі ў банкаўскую справу. Гэтыя грошы абслугоўваюць беларускую эканоміку. І гэта для нас выгадна, у прынцыпе».

Паводле афіцыйнай банкаўскай статыстыкі, на долю «Банку гандлёвы капітал» прыпадае каля 1% усяго банкаўскага капіталу Беларусі. Станіслаў Багданкевіч тлумачыць, чаму такой маленькай лічбе ня трэба зьдзіўляцца:

«У нас 70% з гакам статутных капіталаў і актываў належаць дзяржаўным банкам. Таму на долю ўсіх астатніх банкаў застаецца менш за 30%. У Беларусі мала замежнага капіталу. З 30 больш за 10 — гэта расейскі капітал. А ўсё астатняе — гэта дробны, прыватны капітальчык».

З-за таго, што іранскі капітал у Беларусі невялікі, амэрыканскія санкцыі будуць мець для яго хутчэй сымбалічны, чым матэрыяльны характар — пацьвярджае сытуацыю кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. Ён кажа, што праз банк аплачваўся пераважна імпарт у Беларусь фінікаў, іншай экзатычнай садавіны ды слодычаў:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Вядома, былі і кантракты, якія прадугледжвалі стварэньне тут іранскіх вытворчасьцяў, кшталту пральных парашкоў. Але тут заўжды была праблема — як ажыцьцяўляць грашовыя пераводы. Бо пераводы ў далярах звычайна ідуць праз амэрыканскія фінансавыя цэнтры. Таму тое, што зрабілі амэрыканцы, — гэты чыста мэханічны набор мераў, зьвязаны з будучым блякаваньнем Армускага праліву».

Дарэчы, ЗША ўчора пацьвердзілі: доступ да фінансавай сыстэмы Амэрыкі закрыюць для ўсіх кампаніяў, якія будуць падтрымліваць адносіны з банкам «Тэджарат» і ягонымі філіямі.

Акрамя фінансавага аспэкту, у санкцыях ЗША ёсьць і палітычны — адзначае палітоляг Алесь Лагвінец. І вельмі важна, што ён закранае і Беларусь:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Воляй-няволяй Беларусь зноў трапляе ў сьпіс ня самых прыязных краінаў. Таму кожнае такое дзеяньне — гэта чарговая рыска на адмоўным іміджы нашай краіны. А ён фармуецца найперш у выніку своеасаблівай палітыкі беларускіх уладаў унутры краіны. А па-другое, ён фармуецца і з прычыны вельмі непразрыстых сувязяў з падазронымі рэжымамі, якія выклікаюць асуджэньне цывілізаванага сьвету».

Дагэтуль Беларусь і Іран у эканамічным пляне найбольш зьвязаныя праз вытворчасьць легкавога аўтамабіля «Саманд», які зьбіраюць у вельмі невялікай колькасьці пад Менскам. Беларусы меліся здабываць у Іране нафту, аднак іранцы фактычна ў аднабаковым парадку адмовіліся ад ранейшых праектаў.

Прэзыдэнтаў Беларусі і Ірану зьвязваюць асабістыя сяброўскія адносіны. Лукашэнка наведваў Тэгеран, а Ахмадзінэджад прыяжджаў у Менск.
XS
SM
MD
LG