Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўразьвязу па замежных справах пакуль не ўвяла, але рыхтуе дадатковыя санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асоб у Беларусі, якія, на думку ЭЗ, нясуць адказнасьць за парушэньні фундамэнтальных правоў чалавека ў краіне, паведаміў у аўторак «РИА Новости» прадстаўнік прэсавай службы Рады ЭЗ.

Сытуацыю ў Беларусі абмеркавалі напярэдадні за рабочым абедам ў Брусэлі кіраўнікі МЗС 27 краін ЭЗ, якія выказалі занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Кэтрын Эштан па выніках сустрэчы паведаміла журналістам, што ЭЗ працягне ўзаемадзейнічаць з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі.

«Рада прыняла рашэньне, якое пашырае крытэрыі распаўсюджаньня абмежавальных захадаў (санкцый) на фізычныя і юрыдычныя асобы. Гэта адкрывае шлях для далейшага вызначэньня асоб і арганізацый, адказных за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, а таксама тых, якія падтрымліваюць рэжым прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі або атрымліваюць ад ягопрыбытак прыбытак», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Ён ня выключыў, што рашэньне аб увядзеньні дадатковых санкцый у дачыненьні да беларускіх дзяржчыноўнікаў, арганізацый і кампаній можа быць прынята на чарговай сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЭЗ.

Паводле інфармацыі, атрыманай «РИА Новости» з дыпляматычных крыніц, ЭЗ разглядае пытаньне аб уключэньні ў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны супольнасьці і чые актывы павінны быць замарожаныя, яшчэ 135 службовых асоб.

Рада Эўразьвязу па замежных справах у сьнежні 2011 году ўхваліла пашырэньне санкцый супраць Беларусі. Ўезд у ЭЗ, такім чынам, быў забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам.

Беларускія ўлады адпрэчваюць усе прэтэнзіі Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG