Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польска-амэрыканскі фонд свабоды і Польска-амэрыканская камісія Фулбрайта абвяшчаюць адкрыты конкурс на стыпэндыі імя Лейна Кірклянда на новы навучальны год для кандыдатаў зь Беларусі, а таксама зь іншых постсавецкіх краінаў — Расеі, Украіны, Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Казахстану і Кіргізстану.

Праграма адрасаваная маладым энэргічным лідэрам, якія маюць вышэйшую адукацыю, зацікаўленыя ў разьвіцьці дэмакратыі, эканомікі, грамадзянскай супольнасьці ў сваёй краіне.

За 12 гадоў па гэтай праграме прайшлі навучаньне некалькі дзясяткаў беларусаў.

Алесь Карняенка вывучаў дзейнасьць польскіх моладзевых арганізацыяў пры партыях у 2003 годзе. У той час гэта была адзіная акадэмічная стыпэндыя для беларусаў, але і на сёньня па сваіх умовах яна самая лепшая з тых, што даступныя беларусам, лічыць супрацоўнік тэлеканалу БелСат спадар Карняенка:

«Дастаткова высокая стыпэндыя, пакрыцьцё выдаткаў на пражываньне, свабодны доступ да ўсіх заняткаў у абраным унівэрсытэце, кансультацыі навуковага кіраўніка, замацаванага за кожным стыпэндыятам, удзел у канфэрэнцыях. Яшчэ плюсы — дастаткова свабоды ў выбары заняткаў і іхняй інтэнсіўнасьці. Графік дазваляе спалучаць заняткі, самастойную працу, практыку ў Польшчы, ды ў шэрагу выпадкаў можна ня моцна адрывацца ад таго, чым займаўся ў Беларусі. Перадусім, гэта магчымасьць пабачыць іншую краіну, эўрапейскія рэаліі, іншы мэнталітэт. Тым больш важна, што гэта Польшча — краіна суседняя, зь якой у нас было шмат супольнага і будзе яшчэ наперадзе».

Праграма можа зацікавіць выкладчыкаў ВНУ, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнага кіраваньня, прадпрымальнікаў, лідэраў недзяржаўных арганізацый, дзеячаў культуры, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў.

Палітоляг Алесь Лагвінец вывучаў у 2004 годзе польскі досьвед рэформаў:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Беларускія адмыслоўцы цягам году праходзяць навучаньне і стажыяваньне ў розных польскіх інстытуцыях, каб вывучыць аспэкты польскай трансфармацыі і параўнаць сытуацыю ў адпаведных галінах. Я меў гонар вучыцца ў Польскай дыпляматычнай акадэміі. Гэтая праграма дазваляе завязаць кантакты ня толькі з польскімі партнэрамі, але таксама і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, дзяржаўнай адміністрацыі краінаў, што ўдзельнічаюць у гэтай праграме — Украіны, Расеі, Малдовы, Грузіі, Армэніі, Азэрбайджану, Казахстану».

Кірункі, па якіх можна атрымаць стыпэндыю імя Лейна Кірклянда ў Польшчы: эканоміка, кіраваньне, адміністраваньне бізнэсу, грамадзкая адміністрацыя, мясцовыя органы самакіраваньня, заканадаўства, грамадзкія навукі, паліталёгія і міжнародныя дачыненьні, палітыка разьвіцьця і гуманітарная дапамога.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч стажыраваўся ў бізнэс-адміністраваньні ў 2003 годзе ў Познані:

Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

«Гэтая праграма дае магчымасьць год пабыць у Польшчы, пазнаёміцца зь лепшымі польскімі навукоўцамі ў той сфэры, у якой вы хочаце рабіць дасьледаваньні альбо патэнцыйна працаваць. Гэта магчымасьць на год абстрагавацца ад беларускіх праблем і паглядзець на Беларусь, што называецца, збоку, як яе бачаць замежнікі. Гэта вельмі важна. І сам факт таго, што год можна займацца тым, чым вы сапраўды цікавіцеся, што за гэта вам яшчэ плацяць прыстойную стыпэндыю, вам ствараюць усе ўмовы, каб вы праводзілі дасьледаваньні, каб вы адукоўваліся! Гэта ўнікальная магчымасьць правесьці год, думаючы пра тэму, да якой вернецеся на радзіме, займаючыся тым, чым вы сапраўды хочаце, каб потым ажыцьцяўляць зьмены ў Беларусі».

Больш падрабязныя зьвесткі аб праграме, аплікацыі заявак — на сайце www.kirkland.edu.pl.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG