Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізацыйны камітэт у справе стварэньня партыі «Беларускі рух», у які ўваходзяць грамадзкія актывісты Вацлаў Арэшка, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Юрась Хадыка ды іншыя, выказаўся за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Пад словам «байкот» прадстаўнікі «Беларускага руху» разумеюць наступнае «чынны ўдзел разам з камітэтамі Народных сходаў ды іншымі адказнымі палітычнымі сіламі ў кампаніі актыўнага байкоту фальшывых выбараў; зварот да стыхійных пратэставых групаў грамадзянаў з прапановай кампаніі «Пратэст праз байкот»; удзел у назіраньні, падтрымка грамадзкай кампаніі «За справядлівыя выбары», паведамляецца ў прэсавым рэлізе.

Гэтую пазыцыю разам з аргкамітэтам падтрымліваюць і менскія актывісты стваранай партыі, якія ўдзельнічалі ў паседжаньні аргкамітэту.

Выступоўцы падкрэсьлілі, што наяўнасьць палітычных вязьняў у краіне сьведчыць, што ўлады не зьбіраюцца праводзіць нават часткова свабодных выбараў.

Сваю пазыцыю наконт гэтых выбараў напярэдадні агучыла і «кааліцыя шасьці», у якую ўваходзяць партыі — АГП, БНФ, «Справядлівы сьвет», аргкамітэт у справе стварэньня партыі БХД, а таксама рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Яны гатовыя ўдзельнічаць у выбарах толькі пры ўмовах вызваленьня палітвязьняў, зьменаў у выбарчае заканадаўства і практыку яго ўжываньня.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў заплянаваныя на верасень 2012 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG