Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Рэзалюцыя павінна быць цьвёрдай і рашучай


У палітычным камітэце Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прайшлі слуханьні па Беларусі.

У іх узялі ўдзел прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі — старшыня АГП Анатоль Лябедзька, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і сябра кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута. Таксама перад прысутнымі выступіла Любоў Кавалёва, маці Ўладзіслава Кавалёва, асуджанага да сьмяротнага пакараньня.

Беларускае пытаньне канчаткова будзе абмеркавана 25 студзеня на зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры. На ёй выступіць адмысловы дакладчык ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі, эстонскі парлямэнтар Андрэс Хэркель. Па выніках абмеркаваньня ПАРЭ прыме рэзалюцыю па Беларусі, якая будзе мець пэўныя рэкамэндацыі. Спадар Хэркель сказаў карэспандэнту Свабоды, што зможа камэнтаваць сытуацыю толькі пасьля прэзэнтацыі свайго дакладу.

Прысутны на сёньняшнім пасяджэньні ў паліткамітэце ПАРЭ лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што не было ніводнага голасу, які апраўдваў бы шырокія рэпрэсіі, якія ўчыняюць улады ў Беларусі:

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
«Гэта таксама знак вельмі важны для нас, хто змагаецца за свабоду, што салідарнасьць ёсьць. Хаця б нэўтральная пазыцыя ў такіх краінах, як постсавецкія, якія ўваходзяць у Раду Эўропы. Па другое, мы даволі доўга рыхтаваліся да той рэзалюцыі, якую будуць прымаць у сераду. Было вывучэньне ўсіх фактаў, былі прававыя экспэртызы. Рэзалюцыя павінна быць даволі цьвёрдай, рашучай. Хаця мы разумеем, што рэзалюцыямі не памяняеш сытуацыю ў Беларусі. Самі беларусы павінны гэта зрабіць. Але пазыцыя як мага больш шырокага кола краінаў па праблемах дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі таксама важная. Гаварылася і аб праблеме незалежнасьці нашай краіны, што яе таксама трэба зьбергачы, як і адстаяць дэмакратыю».

На пасяджэньні выступіла Любоў Кавалёва, маці аднаго з асуджаных да сьмяротнага пакараньня за тэракт у менскім мэтро. Яна зрабіла заяву палітычнаму камітэту, што жыве ў страшным кашмары, які толькі можа быць у маці. Яна адзначыла, што ні яе сын, ні Дзьмітрый Канавалаў не ўчынілі таго, у чым іх абвінавачваюць. Паводле спадарыні Любові, у Беларусі ніхто не абаронены ад несправядлівага прысуду. Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што для Рады Эўропы вельмі важным пунктам зьяўляецца адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі:

«Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая дагэтуль выкарыстоўвае гэтае пакараньне зь сярэдневечча для сваіх грамадзянаў. Вельмі эмацыйны выступ, безумоўна, узрушыў парлямэнтароў ПАРЭ. Гэта дадало такой эмацыйнай афарбоўкі, што вельмі важна ў такіх пасяджэньнях».

Паводле Мілінкевіча, у праекце рэзалюцыі выказваецца асуджэньне таму, што адбываецца ў Беларусі, зь пералічэньнем канкрэтных фактаў, што ёсьць палітвязьні і нават праваабаронцаў садзяць за краты па палытычных матывах.

Мілінкевіч: «Апроч таго — патрабаваньне, каб выбары былі дэмакратычнымі. Гэта вельмі важна, каб нас усё ж прынялі ў Раду Эўропы, бо Беларусь — адзіная кріана, якая ў яе не ўваходзіць. І кропкавыя санкцыі. Хаця Рада Эўропы сама гэтага не прымае. Але ўсё ж урады краінаў прыслухоўваюцца да таго, што прапануе Рада Эўропы».
XS
SM
MD
LG