Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая Кацыянчыч: Санкцыямі абкладуць тры катэгорыі людзей


Мая Кацыянчыч

Мая Кацыянчыч

Міністры замежных справаў Эўразьвязу сёньня на сваім пасяджэньні ў Брусэлі пастанавілі пашырыць крытэры выкарыстаньня санкцыяў у адносінах да афіцыйнага Менску.

Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў справах зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан, патлумачыла карэспандэнту нашага радыё, на чым будзе палягаць пашырэньне згаданых крытэраў:

«З увагі на працяг сур’ёзнай сытуацыі ў Беларусі, міністры вырашылі пашырыць крытэры вызначэньня асобаў, якія нясуць адказнасьць за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, ды асобаў і арганізацый, якія падтрымліваюць рэжым і маюць ад гэтага карысьць. Так што тут мы маем тры катэгорыі людзей, у адносінах да якіх могуць быць ужытыя санкцыі. Гэтае рашэньне дазволіць Радзе Эўразьвязу вызначыць дадатковыя асобы, якія могуць патрапіць пад санкцыі. Прапановы наконт гэтага дадатковага сьпісу асобаў ужо абмяркоўваюцца».

Адказваючы на пытаньне, якая колькасьць чалавек можа падпасьці пад санкцыі паводле гэтых новых крытэраў, Мая Кацыянчыч сказала:

«Пакуль што я не магу сказаць. Да гэтага часу ў нашым сьпісе знайшліся больш чым 200 чалавек. Я спадзяюся, што гэты сьпіс будзе значна пашыраны, бо паводле папярэдніх крытэраў маштаб санкцый быў даволі абмежаваны. Чым далей адсоўваліся ў часе несправядлівыя выбары ў сьнежні 2010 году, тым меншай станавілася група людзей, якія маглі падпасьці пад санкцыі паводле папярэдніх крытэраў. Але цяпер трэба чакаць, што паводле ўзмоцненых крытэраў колькасьць чалавек пад санкцыямі значна пабольшыцца. Яшчэ раз скажу, чаго мы чакаем ад Беларусі. Мы хочам вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязьняў. І мы хочам, каб Беларусь уступіла на шлях дэмакратычных рэформаў».

Мая Кацыянчыч яшчэ сказала, што адначасна з узмоцненымі санкцыямі супраць службоўцаў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, Эўразьвяз пабольшыць падтрымку грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.
XS
SM
MD
LG