Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замяло? Ратуйцеся самі!


Завеі і сьнегапады значна абцяжарылі жыцьцё насельніцтва ў шэрагу аддаленых рэгіёнаў Беларусі. Асабліва цярпяць вяскоўцы, а сярод іх — школьнікі, пэнсіянэры і хворыя, якія патрабуюць тэрміновай дапамогі.

Дарогі да многіх паселішчаў замецены, дарожнай тэхнікі няма. У складанай сітуацыі людзі могуць разьлічваць толькі на сябе.

Магілёўшчына


На Магілёўшчыне другія суткі не сунімаецца завіруха. Аддаленыя паселішчы замяло. Людзі ратуюцца ўласнымі сіламі.

У вёсцы Сямігаўцы, што ў Бялыніцкім раёне, жывуць 15 чалавек. Усе —пэнсіянэры. Вёска завеяная ўшчэнт, зазначае яе жыхарка Марыя Андрэеўна:

«Ніводнага разу яшчэ ня чысьцілі. Сантымэтраў трыццаць сьнег, і ён яшчэ ідзе. Самі чысьцім, каб прайсьці было. Трасу яны чысьцяць, дзе аўтобус ходзе. А так сядзім старыя дома, і ўсё. Нікому мы не патрэбныя. Як я кажу: «Мы адпрацаваны матэрыял — выкінулі, і ўсё».

Вёскам, дзе жывуць сем’і зь дзецьмі-школьнікамі, пашанцавала болей. Іх ратуюць, бо вучняў зьбіраюць у школу аўтобусам. На ўскраінах жа сёлаў трактарны рокат чуваць зрэдку:

«Прайшоў во адзін трактар, ці ён чысьціў што, ці не. Мы ж тут самі капаемся, адкопваемся — да калёнкі, да пуні схадзіць, памыі вынесьці», — са скрухай прызнаецца жыхарка вёскі Сінюга, што ў Магілёўскім раёне.

Ад непагадзі цярпяць і прыгарадныя магілёўскія вёскі. Адна з іх — Ільінка. Ад абласнога цэнтру яна за які дзясятак кілямэтраў у менскім напрамку. Да фэрмы, каб забраць дзяцей у школу, дарогу пачысьцілі. Вуліцы ж у самой вёсцы застаюцца завеянымі:

«Не, у нас ня чысьцілі яшчэ нічога. І во, надзьме — ня ведаю, ці будуць. Я во ішла, у нас тут перамятае на вуліцы скрозь, дык па калена сьнегу. Ня ведаю, як зяць выехаў. А назад, відаць, і не даедзе. Машыну недзе будзе кідаць», — кажа жыхарка Ільінкі спадарыня Надзея.

У сьнезе й райцэнтры. Да крамаў і мясцовых прадпрыемстваў падступіцца можна, а вось дабрацца да двароў — гэта праблема. Пры сытуацыю ў Касьцюковічах апавядае жыхар райцэнтру Мікола:

«Праехалі во тут па адной каляіне па вуліцы. Я дык трэці дзень на машыне не выяжджаю. На скрыжаваньнях ня чышчана. Не разьмінесься».

Жыхары тых вёсак, якія пачысьцілі ад сьнегу, зьдзіўляюцца: маўляў, і не чакалі. А сьнег усё не сунімаецца.

Гомельшчына


У Гомелі за апошнія тры дні выпала дзьве дэкадныя нормы сьнегу. Вышыня сьнежнага покрыва павялічылася з трох да 25 сантымэтраў.

Калі ў горадзе дарожныя службы яшчэ неяк разграбаюць сумёты, то па-за яго межамі сытуацыя экстрэмальная, і асабліва ўзбоч цэнтральных дарог.

Нават у Гомельскім раёне 23 студзеня ня ўсе пасажырскія аўтобусы дабраліся ў першай палове дня да канцавых пунктаў прызначэньня.

Дыспэтчар аўтавакзалу: «Вельмі кепска чысьцяцца дарогі. Па маршруце на Рудню Марымонаву аўтобус у Міхалькі не заяжджаў. У Міхальках наагул дарога не пачышчана. У Старых Дзятлавічах няма развароту на канцавым прыпынку — заднім ходам выяжджаў. Вельмі кепская дарога, як паведаміў кіроўца, у Бабовічы з заездам у Сады. У Задораўцы няма развароту. На канцавых пунктах кіроўцы па кілямэтры, а то й два заднім ходам едуць».
На канцавых пунктах кіроўцы па кілямэтры, а то й два заднім ходам едуць.

Дыспетчар кажа, што дрэнная дарога ў напрамку Добруша. З прычыны небясьпекі некаторыя кіроўцы маршрутных мікрааўтобусаў адмаўляліся ехаць у Добрускі раён:

«Добруская траса — гэта жах. Амаль усе мікрааўтобусы ня езьдзяць, таму што там панамярзала. Дарога не пасыпана пясчана-салянымі сумесямі, не пачышчана. І там такія ледзяшы, што мікрааўтобусы ледзь не перакульваюцца. У бок Буды Жгунскай, Крупца — таксама. Прадпрымальнік у Крупец не паехаў. Сказаў, што дарога — страх».

Добрускія кіроўцы аўтобусаў са спазьненьнем прабіваліся сёньня праз сумёты ў вёскі Чырвоны Партызан, Завідаўку ды некаторыя іншыя паселішчы:

«Сьнегу вельмі шмат, дарогі пачышчаны кепска. Але пакуль прабіваемся, стараемся прабіцца. Графікі, вядома, парушаны».

Патройная дэкадная норма ападкаў выпала 20–23 студзеня ў Брагіне. Вышыня сьнегу тут — 35 сантымэтраў. Мясцовыя транспартнікі моцна наракаюць на засьнежаныя дарогі ў Майск, Конанаўшчыну, Савічы.

Жыхар чарнобыльскай вёскі Двор Савічы спадар Васіль кажа, што цэнтральныя трасы дарожнікі яшчэ так-сяк чысьцяць ад сьнегу. А вуліцы — засьнежаныя:

«Да крамы дарога пачышчана як дзяржаўная. А тут ужо так: калі хто хоча й бульдозэр знойдзе ці грэйдэр альбо трактар „Беларус“ з Брагіна, якія чысьцяць асноўную дарогу, і паабяцае заплаціць, то пачысьцяць. А не — дык не».

Меншчына


На Меншчыне вясковыя й прасёлачныя дарогі замяло ад Бараўлянаў да Слуцку. Бездарожжа пачынаецца, ледзь ад’едзеш ад Нясьвіжа, Стоўпцаў ці Маладэчна. Гаруюць тутэйшыя людзі, асабліва — пэнсіянэры. Летась у рэгіёне ўлады зачынілі шэсьць фэльчарска-акушэрскіх пуктаў, тры школы.

70-гадовая Марыя Навумік зь вёскі Рубяжы, што на Старобіншчыне, — адзіная з маіх суразмоўцаў, хто радуецца вялікаму сьнегу:

«Вось у нашым калодзежы вады даўно не было, бо жывем мы на высокім месцы. То ад таго, што сьнег нападаў, — добра. Вясною вада будзе».

Карэспандэнт: «А як жа без вады цяпер? Жывёлу напаіць?»

Марыя: «Мы ўжо пэнсіянэры… Каровы ў нас няма, толькі парасё й куры».

Карэспандэнт: «А дарогу да хаты хто прачышчае?»

Марыя: «Пакуль яшчэ муж варушыцца».

Карэспандэнт: «А калі ёсьць патрэба зьвярнуцца па дапамогу да ўрачоў у ФАП? Колькі кілямэтраў трэба пяшком дабірацца?»

Марыя: «Нам да ФАПа далёка, бо толькі да суседняй вёскі Пасека — 5 кілямэтраў…»

Карэспандэнт: «І як быць цяпер, калі крамы ў вёсцы няма, ФАП — далёка, аўтобусы ня ходзяць?»

Марыя: «Сядзім дома, тэлевізар глядзім…»

У сельсавеце, што месьціцца ў вёсцы Пасека, да цяперашніх праблемаў вяскоўцаў ужо прызвычаіліся. Чыноўнікі звыкла рэагуюць на пытаньні: чаму зачынілі школу ў Сінягове, чаму цяпер не працуе крама ў вёсцы Рубяжы, ці вось — чаму ня ходзіць цяпер аўтобус у вёску Рухава?

Сельсаветчыца: «Пасьля сьнегападу аўтобус да вёскі Рухава два разы ў тыдзень ня ходзіць. Ну, то туды ж школьны аўтобус ходзіць — да Рухава…»

Зрэшты, ня толькі мясцовая ўлада перакладае цяжар сытуацыі на тутэйшых жыхароў. Сёньня старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька заявіў на апэратыўнай нарадзе, што ўдзел насельніцтва ў прыбіраньні сьнегу павінен быць больш актыўным. Чыноўнік перакананы, што расчыстка тэрыторыі гораду ад сьнегу — агульная справа насельніцтва і камунальных службаў.

Незалежны эканаміст Міхась Залескі лічыць, што менскі гораданачальнік, відавочна, пераймае досьвед яшчэ царскага пэрыяду ў Расеі, калі не існавала машынна-трактарнай тэхнікі:

«Да рэвалюцыі 1917 году ў Санкт-Пецярбургу пражывалі 2,5 мільёна насельніцтва, а ў Маскве — 2 мільёны. Ніякіх спэцыяльных мэханізмаў прыбіраць сьнег не было. Але ж сьнег быў прыбраны і вуліцы пасыпаныя пяском… »

Карэспандэнт: «Размову можна весьці пра дрэнную арганізацыю працы?»

Залескі: «А што тут тлумачыць? У камуністаў заўсёды былі чатыры перашкоды на шляху да камунізму: зіма, вясна, лета й восень… І сёлета, як заўжды, сьнег. І што тут казаць? Тыя, хто павінен чысьціць сьнег, гэтага ня робяць. Добрых арганізатараў няма. А галоўнае — няма эканамічнага мэханізму, які б істотна заахвочваў людзей чысьціць сьнег, а выдаўцоў загадаў — накіроўваць працу як мае быць. Пакуль жа ў нас практычна кожны займаецца ня тым, чым трэба…»

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG