Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусаў: «Усе грамадзкія арганізацыі праходзяць праз палітычнае сіта»


У Беларусі ў 2011 годзе не зарэгістравана ніводнай грамадзкай арганізацыі праваабарончага кірунку, ніводнай жаночай арганізацыі.

Са 112 зарэгістраваных летась грамадзкіх аб’яднаньняў больш за палову мае спартовы характар дзейнасьці і толькі адна — палітычны кірунак. Пра гэта сьведчыць агляд «Свабода асацыяцый і прававое становішча няўрадавых арганізацый у Беларусі», падрыхтаваны Цэнтрам прававой трансфармацыі і Асамблеяй няўрадавых арганізацый.

Такія агляды прадстаўнікі беларускага трэцяга сэктару рыхтуюць пачынаючы з 2007 году, таму можна ўжо заўважыць пэўныя тэндэнцыі, кажа юрыст Асамблеі няўрадавых арганізацый Юры Чавусаў.

Сярод пазытыўных момантаў мінулага году спадар Чавусаў адзначыў толькі тое, што не адбылося прыняцьця Закону аб некамэрцыйных арганізацыях, які сваім зьместам выклікаў заклапочанасьць трэцяга сэктару.

Нэгатыўныя зьмены — гэта папраўкі ў Закон аб масавых мерапрыемствах, якія ў народзе трапна назвалі «больш за трое не зьбірацца», а таксама крымінальная справа Алеся Бяляцкага.

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Чавусаў: «Гэта першы выпадак, калі дзеяч няўрадавага сэктару непасрэдна за сваю грамадзкую дзейнасьць трапляе за краты ня ў зьвязку зь нейкімі палітычнымі акалічнасьцямі. У гэтым кантэксьце перасьлед няўрадавых арганізацый быў беспрэцэдэнтны. Вялікая ўвага зьвярталася на пытаньні фінансаваньня грамадзкіх аб’яднаньняў, праваабарончых, палітычных арганізацый. Таксама новая тэндэнцыя — гэта абмежаваньне кантактаў беларускіх арганізацыяў з замежжам».

У 2011 годзе ў Беларусі зарэгістравана 112 грамадзкіх аб’яднаньняў, прыкладна столькі ж, што і ў папярэднія 5 гадоў. Дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка распавяла пра структуру:

Вольга Смалянка
Вольга Смалянка
«61 арганізацыя мае спартовы характар дзейнасьці. Значна менш маюць дабрачынны характар дзейнасьці — такіх толькі 6, кіналягічныя, фэліналягічныя арганізацыі — іх таксама 6 зарэгістравана. Арганізацый, якія займаюцца дапамогай інвалідам, экалягічных, па ўстойлівым разьвіцьці — такіх толькі 3 зарэгістравана».

Красамоўны прыклад: зарэгістравана ажно 6 фондаў разьвіцьця спартовага покеру і 3 арганізацыі ўсходніх адзінаборстваў «Сэнкё».

Летась адбыўся адзін прэцэдэнт, калі арганізацыю ўпершыню за 10 гадоў рэгістравалі ў судовым парадку — гэта Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асьветы. Працягваліся праблемы з адвольнымі адмовамі ў рэгістрацыі грамадзкіх арганізацый і тэндэнцыі палітычна матываванай нерэгістрацыі.

Чавусаў: «Маладому чалавеку, спадару Квантыліяні, які хацеў зарэгістраваць валянтэрскую арганізацыю, было прапанавана пагадзіцца на супрацоўніцтва з КДБ, і, маўляў, у адказ ня будзе праблем ня толькі з рэгістрацыяй, але і з усёй далейшай дзейнасьцю, уключна з рэгістрацыяй праектаў у Дэпартамэнце гуманітарнай дзейнасьці. Гэта прыклад таго, як сапраўды рэгістрацыйная машына працуе. Я не кажу, што ўсе астатнія арганізацыі з зарэгістраваных прайшлі праз КДБ. Але праз палітычнае сіта яны прайшлі».
Я не кажу, што ўсе астатнія арганізацыі з зарэгістраваных прайшлі праз КДБ. Але праз палітычнае сіта яны прайшлі.

А вось статыстыкі ліквідаваных грамадзкіх аб’яднаньняў Мін’юст не вядзе, як і статыстыкі пісьмовых папярэджаньняў трэцяму сэктару. Паводле аналізу Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, які зрабілі прадстаўнікі трэцяга сэктару, у Беларусі было выключана з рэгістру 37 арганізацыяў. Колькі зь іх самараспусьціліся, колькі былі ліквідаваныя праз суд — такой статыстыкі няма. Праз суд дакладна была зьліквідаваная прынамсі адна арганізацыя — міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Клопат». Вольга Смалянка кажа, што справа была палітычна матываваная:

«Як толькі яе выканаўчым дырэктарам стаў былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, адразу ж у суд зьвярнулася Міністэрства юстыцыі з пазовам аб ліквідацыі. І арганізацыя была зьліквідаваная па зусім нязначным парушэньні — незнаходжаньні па юрыдычным адрасе, хоць у арганізацыі была заключаная дамова арэнды».

Юры Чавусаў падсумоўвае: «Да любога заканадаўства можна прыстасавацца, нават да самага суровага. Але ў неправавой дзяржаве да палітыкі, якая правам не кіруецца, прыстасавацца складана.

Таму да прававых умоваў дзейнасьці трэці сэктар павінен ставіцца вельмі сур’ёзна, каб грамадзянская супольнасьць магла знайсьці прастору для легальнага існаваньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG