Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрца для Вацлава Гаўла


У Празе ў памяць пра Вацлава Гаўла пачалі адліваць двухмэтровую скульптуру ў выглядзе васковага сэрца. Матэрыялам для яе стала рэшта недагарэлых сьвечак, запаленых у дні жалобы па памерлым прэзыдэнце.

Чэскія мастакі Раман Швэйда і Лукаш Гаўлоўскі прапанавалі ідэю гэтай скульптуры, калі паўстала пытаньне ўтылізацыі соцень тысяч сьвечак, якія ад 18 сьнежня гараць на вуліцах Чэхіі ў памяць пра Вацлава Гаўла. Толькі з плошчы сьвятога Вацлава ў Празе было вывезена каля трох тон сьвечак. Яны дастаўляюцца і зь іншых гарадоў.

На заклік у сацыяльных сетках адгукнуліся добраахвотнікі, каб дапамагчы аддзяліць рэшту воску і падрыхтаваць матэрыял для будучага сэрца. У выходныя ў праскім цэнтры Трафачка пачалася адліўка скульптуры.



Сэрца было фірменным знакам Вацлава Гаўла, ён заўсёды прымалёўваў яго да свайго подпісу. Калі Гавал у 2002 годзе пакідаў прэзыдэнцкую пасаду, гэты ж нэонавы знак, павялічаны да велізарных памераў, зьзяў над Праскім градам — рэзыдэнцыяй чэскіх прэзыдэнтаў. Стаіць такі сымбаль і на лістах, якія Гавал дысылаў у падтрымку беларускіх палітвязьняў.



Плянуецца, што двухмэтровае васковае сэрца зь лютага па красавік будзе выстаўленае ля Нацыянальнага тэатру. Далейшы лёс скульптуры зь нядоўгавечнага матэрыялу пакуль ня вызначаны. Мастакі не выключаюць, што яе фрагмэнты будуць раздадзеныя ўсім ахвотным на памяць пра былога прэзыдэнта.
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

XS
SM
MD
LG