Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапейскі Зьвяз афіцыйна прыняў нафтавае эмбарга супраць Ірану ў рамках санкцый з нагоды ягонай ядзернай праграмы.

Дыпляматы кажуць, што мера, прынятая міністрамі замежных спраў 27 дзяржаў-чальцоў ЭЗ у панядзелак, уключае ў сябе неадкладнае эмбарга на новыя кантракты на сырую нафту і нафтапрадукты. Цяперашнія кантракты з Іранам будуць выкананы да 1 ліпеня.

Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Уільям Гейг заявіў, што мера была часткай «беспрэцэдэнтнага набору санкцый», дадаўшы: «Я думаю, гэта гаворыць аб рашучасьці Эўразьвязу ў гэтым пытаньні».

Пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у краіны Зьвязу складаюць цяпер пятую частку іранскага нафтавага экспарту.

Дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да цэнтральнага банку Ірану таксама павінны быць узгодненыя кіраўнікамі МЗС краін ЭЗ.

Кіраўніца зьнешняй палітыкі Зьвязу Кэтрын Эштан сказала, што санкцыі павінны даць зразумець Тэгерану сур’ёзнасьць патрабаваньняў аднавіць перамовы па іранскай ядзернай праграме.

Яна сказала, што да гэтага часу іранскія ўлады не далі адказу на прапанову аднавіць перамовы, якая была зробленая ў кастрычніку.

Міністар замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле сказаў, што іранская ядзерная праграма — гэта не пытаньне бясьпекі толькі ў рэгіёне, але пытаньне бясьпекі ў сьвеце.

Іран заяўляе, што яго ядзерная праграма мае выключна мірныя мэты, але заходнія дзяржавы і многія міжнародныя арганізацыі асьцерагаюцца, яна накіраваная на вытворчасьць атамнай зброі.

ЭЗ і ЗША імкнуцца пераканаць краіны Азіі, каб яны зьменшылі закупкі нафты ў Іране.

Іран прыгразіў адказаць на новыя санкцыі блякадай Армускага праліву ў Пэрсыдзкай затоцы, празь які праходзіць 20% сусьветнага экспарту нафты.

Злучаныя Штаты паабяцалі захаваць гандлёвыя шляхі адкрытымі.

Учора стала вядома, што праз праліў без інцыдэнтаў прайшоў амэрыканскі авіяносец «Абрагам Лінкольн» у суправаджэньні эскадры брытанскіх і францускіх караблёў.

Цяпер у Пэрсыдзкай затоцы знаходзяцца ўжо два з адзінаццаці авіяносцаў ВМС ЗША.

У сваю чаргу Іран заявіў, што яго ваенна-марскія вучэньні ў Армускім праліве будуць працягвацца, як і было заплянавана, да 19 лютага.
XS
SM
MD
LG