Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны на расстрэл Уладзіслаў Кавалёў сустрэўся зь сястрой


Уладзіслаў Кавалёў
Уладзіслаў Кавалёў

Тацяна размаўляла з братам праз шкло, з абодвух бакоў за гутаркай сачылі супрацоўнікі КДБ.

Тацяна Кавалёва кажа, што яе адразу папярэдзілі: калі яны будуць размаўляць пра крымінальную справу Ўладзіслава, то спатканьне адразу ж скончыцца.

«У сьнежні нам дазволілі сустрэчу толькі на 10 хвілін, маці размаўляла з Уладзіславам 30 хвілін, таму сёньня я адразу запыталася, колькі ў мяне часу. Мне сказалі, што, як належыць паводле закону, — 3 гадзіны. Але спатканьне тут жа прыпыняць, калі мы будзем размаўляць пра справу Ўладзіслава. І мы абыходзілі гэтую тэму. Я спрабавала не зважаць на тое, што побач са мной сядзеў ахоўнік і побач з братам — таксама. Мы размаўлялі пра ўсё: пра сям’ю, сяброў, знаёмых! Уладзіслаў усьміхаўся і ўвесь час казаў, каб мы не хваляваліся за яго, што ён спадзяецца на лепшае!» — паведаміла Тацяна.

Сястра асуджанага на сьмерць за тэрарызм Уладзіслава Кавалёва выкарыстала магчымасьць сустрэцца са зьняволеным у турме КДБ, якая даецца сваякам раз на месяц. На наступнае спатканьне можна будзе спадзявацца толькі ў лютым.

«Я дужа ўсьцешана, што ўбачыла брата, што мы так добра паразмаўлялі. Хоць зьнешне ён выглядае ня дужа добра — цёмны з твару, відаць, што не бывае на сьвежым паветры», — адзначыла Тацяна Кавалёва.

30 лістапада 2011 году жыхароў Віцебску Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава прызналі вінаватымі ў тэракце ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Абодвум прысуджана сьмяротнае пакараньне.Уладзіслаў Кавалёў свае віны не прызнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG