Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алі Бабамі ў Эгіпце называюць барадатых. Мяне на курорце ў Хургадзе гэтак называлі супрацоўнікі гатэльнага сэрвісу. Казалі, што гэта на знак пашаны. Нязвыклыя для эгіпцян людзі з Поўначы з бародамі.

Ня ведаю, наколькі шчырую пашану выказвалі да мяне, але на выбарах да «барадатых» — гэта значыць, да ісламістаў — эгіпцяне выказалі звышпашану, ісламісцкія палітычныя групоўкі рознай ступені радыкальнасьці атрымалі больш за 70% галасоў на выбарах у новы пострэвалюцыйны парлямэнт. Амаль палову месцаў у ім — 49% — будзе мець Партыя Свабоды і справядлівасьці, палітычнае крыло забароненага пры Мубараку руху «Браты-мусульмане» — нібыта памяркоўныя ісламісты, ці такія, якіх некаму хочацца лічыць памяркоўнымі. А 20% месцаў у парлямэнце ўзялі бясспрэчныя радыкалы — партыя Ан-Нур — салафісты, якія выступаюць за забарону алькаголю, паранджу для жанчын і многія іншыя строгія ўстанаўленьні мусульманскай артадоксіі.

Памятаю, летась, калі я ў разгар рэвалюцыі таксама адпачываў у Хургадзе, гід Мухамад казаў: «Ды гэтых барадатых, ісламістаў, народ ня надта любіць, зь імі ж увесь турызм накрыецца, больш за 20% за іх не прагаласуе». Памыліўся Мухамад, які свабодна гаворыць на 6 мовах і сапраўды жыве з турызму. Хаця лічыць меркаваньні свайго кола меркаваньнямі ўсяго народу — тыповая памылка, уласьцівая жыхарам ня толькі Эгіпту.

Народ, ад фэлахаў да прафэсараў, спыталі — ён і адказаў. І яго палітычныя густы аказаліся даволі далёкімі ад клясычнай лібэральнай дэмакратыі. Хаця для беларусаў пасьля 1994 году гэта зусім ня дзіва.

І яшчэ адзін паказальны вынік — прыкладна чвэрць галасоў на выбарах атрымалі сьвецкія, больш-менш лібэральныя сілы. Але сярод абраных дэпутатаў — ніводнага
Сярод абраных дэпутатаў — ніводнага прадстаўніка знакамітай плошчы Тахрыр.

прадстаўніка знакамітай плошчы Тахрыр, ніводнага прадстаўніка тых груповак, якія летась, ахвяруючы сабой, скідалі тыранію. Вядомае выслоўе, што рэвалюцыя зжырае сваіх дзяцей, але цяжка прыгадаць, калі гэта адбывалася гэтак хутка і гэтак татальна. І не дапамаглі праслаўленыя сусьветным друкам непераможныя Twitter і Facebook: на тое, каб скінуць Мубарака іх хапіла (хаця можа і ня іх), але ў заваяваньні электаральнай падтрымкі яны аказаліся бясьсільнымі.

А ісламістам гэтыя штучкі былі ня надта і патрэбныя — хапіла моцных разгалінаваных арганізацый і моцнай веры ў слушнасьць сваёй справы. Летась падчас рэвалюцыі яны і ня надта лезьлі на барыкады, чакаючы свайго часу. І дачакаліся, як бачым.

Наступствы ад рэвалюцыі праяўляюцца ўжо цяпер. Па краіне пракаціліся хваляваньні, зьвязаныя з падаражаньнем паліва і яго дэфіцытам. Ёсьць забітыя. Даходы ад турызму ўпалі на 30%. МЗС некаторых краін раяць сваім грамадзянам не наведваць Эгіпет у бліжэйшы час. Ёсьць перасьцярогі, што вынікі парлямэнцкіх выбараў могуць выклікаць моцныя хваляваньні.

«Ды якія хваляваньні? — абураецца малады гандляр Мустафа. — Гэта будзе сьвята. Мы ж упершыню самі выбіраем сваю ўладу». Можа ён і мае рацыю. Усё ж і сапраўды ўпершыню. Да таго ж параза леташніх рэвалюцыянэраў і перамога ісламістаў настолькі татальныя, што ў выпадку чаго новая ўлада мае народны мандат душыць любыя забурэньні з такой жорсткасьцю, якая і ня сьнілася Мубараку.

Дарэчы, пра яго. Мустафа кажа, што ён і яго сябры супраць сьмяротнага пакараньня былому прэзыдэнту, чаго патрабуе пракурор на працэсе Мубарака і ягоных паплечнікаў. Ня выключана, што сьмяротны прысуд будзе ўсё ж вынесены, але былога прэзыдэнта памілуе новы кіраўнік дзяржавы, які будзе абраны сёлета ў чэрвені.

Пра яго Мустафа кажа: «Будзе кепскі, будзе красьці — зладзім новую рэвалюцыю». Гучыць прыгожа. Гэтак жа, як у свой час прыгожа выглядала ўпэўненасьць украінскіх «аранжавых» рэвалюцыянэраў, што Майдан — гэта іх прыватная ўласнасьць і можа быць ужытая ў любы патрэбны момант.

Можа, трывожныя прагнозы наконт палітычнай і грамадзкай будучыні Эгіпту і не зусім дарэчныя. Большасьць атрымалі ўсё ж памяркоўныя ісламісты, ёсьць войска, ёсьць вялікая кляса гандляроў, ёсьць той жа турыстычны бізнэс, у якім заняты
«Будзе кепскі, будзе красьці — зладзім новую рэвалюцыю».

кожны шосты эгіпцянін, ёсьць іншыя колы насельніцтва, якія, магчыма, будуць адстойваць свае інтарэсы, калі яны будуць істотна закранутыя курсам на вяртаньне краіны ў сярэднявечча. Гандляры ў Хургадзе часта паўтараюць па-руску словы, якім іх навучылі расейскія турысты: «Есть деньги — хорошо. Нет денег — пошел...». Далёка, словам. Грошы ў Эгіпце пакуль не ў пераможцаў парлямэнцкіх выбараў. І цяперашнія бэнзінавыя хваляваньні — такі «Стоп-бэнзін» па-эгіпецку — магчыма маленькая ілюстрацыя таго, што бывае, калі грамадзкае жыцьцё і эканоміка будуюцца на ідэалягічных прынцыпах.

Воды Чырвонага мора — гэта казка, празрыстасьць, каралы, дзівосныя шматкаляровыя рыбы. Кнігі пра гэты цуд прыроды кажуць, што далей на поўдзень мора яшчэ цікавейшае. Але там — Савудаўская Арабія і Судан, дзе ніякіх турыстаў няма і блізка. Рэжымы там надта цікавыя. Эгаістычна можа прагучыць, але шкада будзе, калі Алі Бабы зробяць і Эгіпет такім самым.

Сёньня новы эгіпецкі парлямэнт зьбіраецца на сваю першую сэсію.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG